Сёння ў Баранавiчах урачыста адкрыюць Лядовы палац. А потым на лёд выйдзе хакейная каманда прэзiдэнта i хакеiсты брэсцкага «Дынама».

Трапiць на ўрачыстае адкрыццё Лядовага палаца здолеюць тыя, у каго будуць запрашальныя бiлеты, якiя распаўсюдзiлi праз арганiзацыi i прадпрыемствы горада. Глядзельная зала лядовай арэны прыняць усiх ахвотных не дазваляе.

Пэўная колькасць гледачоў здолее ўбачыць урачыстасцi i на вялiкiм экране, якi ўсталявалi перад палацам, але каб трапiць на тэрыторыю Лядовага палаца, неабходна будзе прайсцi праз металадэтэктары. З’ява не новая i зразумелая.

А цяпер крыху гiсторыi. Узвядзенне Лядовага палаца пачалося напрыканцы 2007 года i будаўнiцтва вялося даволi бурна, бо каб за два гады ўзвесцi такi спартыўны комплекс, патрэбны былi вялiкiя намаганнi. Напрыклад, да будаўнiцтва прыступiлi пасля падрыхтоўкi пляцоўкi пад палац. Грунт аказаўся непрыдатным i на месца вывезенага завезлi 83 тыс. м куб пяску. Пэўны перыяд адчуваўся i недахоп грошай, якiх не было ў бюджэце горада.

Будаўнiцтва Лядовага палаца абышлося болей чым у 60 мiльярдаў рублёў, а гэта — чвэрць гарадскога бюджэту 2009 года.

Але комплекс уражвае найперш знешнiм выглядам — сапраўдны палац з бетону, металу i шкла. Плошча збудавання 22 тысячы м 2, а за хакейнымi баталiямi змогуць назiраць 2 тыс. гледачоў.

Лядовая арэна будзе прымаць не толькi хакеiстаў, але i ўсiх ахвотных пакатацца на каньках. I цана невысокая. Для дзяцей (да 14 гадоў)

адна гадзiна катання абыдзецца ў 3,5 тысячы, а для дарослых — 6 тысяч рублёў. Але гэта без пракату канькоў,

а iнакш давядзецца даплацiць яшчэ 3,5—4 тысячы.

У Лядовым палацы будуць дзейнiчаць залы боўлiнга, танцаў, бiльярда, мастацкай гiмнастыкi i акрабатыкi…

Адным словам, спартыўны комплекс павiнен зарабляць грошы, каб максiмальна акупiць сябе. А таму ў палацы будуць праходзiць розныя масавыя мерапрыемствы, якiя павiнны прыцягнуць увагу гледача.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?