28 снежня ў гродзенскім гарсавеце адбылося вельмі рэдкае мерапрыемства – абмеркаванне лёсу будынка, які размешчаны на вуліцы Сацыялістычнай 44. Упершыню за апошнія 15 гадоў Камісія па культуры павінна была высветліць — надаецца будынак пад рэстаўрацыю, альбо варта яго знесці і збудаваць на тым жа месцы новы, падобны да арыгінальнага. На абмеркаванне былі вынесены ажно чатыры праекты рэканструкцыі.

Сітуацыя цікавая тым, што будынак на Сацыялістычнай знаходзіцца ў вельмі добрым стане. Гэта адна з першых пабудоў, у якой прымяняўся жалезабетон. Гродзенскія краязнаўцы сведчаць, што ў будынку толькі нязначна працякае дах, а сам ён не патрабуе вялікага рамонту. Унікальны дэкор, якім аздоблены сцены пабудовы, не перажыве ніякай «рэстаўрацыі» – яго папросту будзе немагчыма аднавіць ў тым самым выглядзе. Як распавёў «НН» гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха, гэты будынак унікальны.

«Такіх у Беларусі толькі каля дзесяці. Мы выступаем за поўнае захаванне будынка. Будзем настойваць на тым, што фірма «Зов» не можа рэстаўраваць яго праз некампетэнтнасць. Будынкам павінны займацца дасведчаныя замежныя рэстаўратары, альбо хаця б са сталіцы. Мы будзем працягваць пісаць звароты ў розныя інстанцыі і СМІ. Баімся, што замест арыгінальнага будынка можа з’явіцца чарговы муляж. А гэта несучасная практыка. Такое дазвалялася ў ХІХ ст., але зараз яна непрымальная».

У працы Камісіі, акрамя гродзенскіх дэпутатаў, узялі ўдзел мэр Барыс Казялкоў, прадстаўнікі фірмы «Зов»(якая займаецца рэстаўрацыяй) і Беларускага народнага банка (уласнік будынка), спецыяліст па ахове помнікаў архітэктуры гарвыканкама В.Мацко, прадстаўнікі грамадскасці. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, прапанаваныя рэстаўрацыйныя праекты можа разглядаць толькі Навукова-метадычная рада пры Мінкульце. Што і прызнала Камісія па культуры гродзенскага гарсавета.

Як распавёў «НН» яго кіраўнік Пётр Валадзько, «Быў ліст з банка. Прасілі вырашыць пытанне аб рэстаўрацыі. Камісія сабралася, аднак такія пытанні можа вырашыць толькі Мінкульт. Мы і скіравалі іх туды. Наша задача, каб захоўваўся закон. І каб хутчэй будынак аднавілі. Яго варта захаваць і не лічыць пры гэтым выдаткі».

Незразумела, чаму для перадачы справы Мінкульту спатрэбілася склікаць камісію. Гродзенская інтэрнэт-супольнасць перакананая, што справу з рэстаўрацыяй збіраліся вырашыць вузкім колам, без захавання спецыяльных працэдур. І толькі шырокі розгалас, які яна атрымала, дазволіў вынесці абмеркаванне на больш высокі ўзровень.

Застаецца спадзявацца, што лёс будынка па вуліцы Сацыялістычнай не паўторыць лёсу іншых гродзенскіх пабудоў, якія назаўсёды зніклі з твару горада. Зараз невядома, калі адбудзецца паседжанне Навукова-метадычнай рады і якое рашэнне яна прыме. Натуральна, што заказчыку выгадней збудаваць новы, большы па памерах і таннейшы аб’ект. З іншага боку, будынак з гродзенскай вуліцы Сацыялістычнай вельмі добра надаецца дял сапраўднай рэстаўрацыі і можа стаць выдатным яе прыкладам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?