Выйшаў адрыўны каляндар «Родны край» на 2010 год, які на сваіх старонках пазначае важныя для краіны падзеі і вылучае юбілеі выбітных асобаў.
Сёлета ў афармленні календара стваральнікі адступіліся ад традыцыйных арнаментаў, і выявілі птушачак, хіба вытрыманых у нацыянальнай бела-чырвонай палітры.

Нагадаем, што ў 2007 годзе выдавецтва «Беларусь» адмовілася ад друку календара з эканамічных прычынаў. Тады галоўны рэдактар выдавецтва Якуб Аляксейчык паведаміў, што «Родны край» кепска прадаецца. Тэлефанаванні ў кнігарні высьветлілі, што каляндар карыстаецца попытам ў пакупнікоў. Не без дапамогі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (яны рабілі шматлікія звароты) летась выпуск адрыўнога календара «Родны край» быў адноўлены, ды ён быў апублікаваны з накладам 7 тысячаў асобнікаў.

Сёлетні ж тыраж вырас амаль удвая: 13 тысячаў асобнікаў, якія можна набыць ці не ў любой кнігарні за абсалютна смешную цану — 2 800 руб.

Варта нагадаць, што прыгожыя беларускамоўныя календары на 2010 год выпусцілі таксама незалежныя кнігары і Грэка-каталіцкая царква. Першыя прысвяцілі каляндар 600-годдзю Грунвальда. А ўніяты — Маці Божай Жыровіцкай і цэрквам, праваслаўным і каталіцкім, у якіх ёсць копіі гэтага абраза. Абодва календары пытайцеся ў інтэрнэт-кнігарнях Prastora.by і Knihi.net, а таксама на кніжным кірмашы на Янкі Купалы і ў незалежных кніганошаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?