Як паведаміла намеснік дырэктара музея па навуковай працы Надзея Усава, у экспазіцыі з фондаў НММ прадстаўлена

17 работ майстроў саломапляцення, роспісу і інкрустацыі саломкай Брэсцкай фабрыкі сувеніраў і Жлобінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР.

Аўтары твораў дэкаратыўна‑прыкладнага мастацтва, якія былі закуплены музеем у 1970—1980‑я гады, — Аляксандр Якаўлеў, Пётр Доўгер, Вера Дзегцярэнка, Міхаіл Дзегцярэнка, Зінаіда Пашкоўская, Аляксандр Грэсь, Яўген Саламянка, Галіна Саламянка і Таццяна Аляксеева. Яны працягваюць адроджаныя каля 50 гадоў таму народныя традыцыі, адзначыла Усава.

Паводле яе слоў, яшчэ зусім нядаўна куфры займалі

ганаровае месца ў кожнай беларускай вясковай хаце. Яны ўяўлялі сабой вялікую драўляную скрыню, дзе захоўвалася тканіна, адзенне, бялізна, ювелірныя ўпрыгажэнні і пасаг для нявесты.

Традыцыйна куфры розных памераў выраблялі з хваёвых ці яловых дошак. Самыя вялікія выкарыстоўваліся як ложкі, а самыя маленькія — для захоўвання тытуню. Фарбавалі іх у чорны або зялёны колер, часта афармлялі акоўкай, па баках прымацоўвалі ручкі. З часам простая аднатонная афарбоўка ўступіла месца дэкаратыўнаму роспісу, які імітуе каштоўныя пароды драўніны.

Куфры карысталіся велізарным попытам. У пачатку ХХ стагоддзя ў большасці рэгіёнаў з’яўляюцца куфры з мастацкім роспісам расліннага характару. Сакавітыя малюнкі ў выглядзе букетаў і гірляндаў кветак кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках.

З 1950‑х гадоў попыт на вялікія куфры прыкметна паменшыўся. У канцы ХХ стагоддзя куфры і невялікія куфэрачкі, вырабленыя з саломкі ці дрэва, становяцца сувенірнай прадукцыяй. Майстры выкарыстоўваюць традыцыйныя матывы дэкору, прычым дробныя арнаменты, паўтор і сіметрыя матываў нагадваюць нацыянальныя тканыя ўзоры.

Выстава працуе па 26 студзеня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?