Ужо 24-ты дзень у аддзяленьні судова-мэдычнае экспэртызы «Навінак» утрымліваецца Кацярына Садоўская.

25 ліпеня на кватэру да Садоўскай прыйшлі дзьве маладыя жанчыны і мужчына, які паказаў пасьведчаньне супрацоўніка КДБ. Яны папрасілі Садоўскую прайсьці «пагаварыць», сказаўшы мужу, што яе хутка адпусьцяць.

Наступны днём стала вядома: Кацярыну Пятроўну памясьцілі ў Рэспубліканскую клінічную псыхіятрычную лякарню «Навінкі». Родныя кажуць, што ёй прапанавалі выбар: СІЗА ці псыхіятрычная экспэртыза, і яна выбрала апошнюю.

Кацярына і яе муж Віктар – пэнсіянэры. Зь імі ў аднэй кватэры жыве 84-гадовая маці, якую трэба глядзець. Муж, інвалід і анкалягічны хворы, пісаў ліст да генпракурора з просьбай выпусьціць жонку.

Кацярына Пятроўна – дыябэтык і мае анкалягічную рану.

Родныя бачылі Кацярыну толькі праз акенца, у палату іх не пусьцілі. Раз яна кінула праз акно нейкія паперы, але ахоўнікі пад пагрозай, што ня возьмуць перадачу, забралі іх.

Кацярына Садоўская ачольвала беларускае аддзяленьне Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага руху «Веча».

Праваабаронцу абвінавачваюць паводле артыкулаў 389 («Пагроза ў дачыненьні да судзьдзі ці засядацеля) і 391 («Зьнявага судзьдзі ці засядацеля») Крымінальнага кодэксу. Максымальны тэрмін зьняволеньня па ёй – 3 гады.

Крымінальная справа ўзбуджаная на матэрыяле гадавое даўніны. Тады ў горадзе Кіраўск Магілёўскай вобласьці Садоў-ская бараніла грамадзяніна Смай-

лава. Смайлава вінавацілі ў фінансавых злоўжываньнях і ў зьнявазе судзьдзі.

Падставай для ўзбуджэньня справы Садоўскай стаў запіс з аўтаадказьніка. На ім хтосьці зьневажае судзьдзю, што вяла справу Смайлава. Невядомы часта згадвае прозьвішча Садоўскай. Судзьдзя атрымлівала па пошце і лісты з пагрозамі і праклёнамі.

Родныя кажуць, Садоўская мае рэзкі характар і моцны язык. Словы «фашыст» і «прахіндзей» для яе не табу. «Усё праўды шукае», – кажа муж Віктар.

На выбарах 2001 г. Садоўская ўзначальвала ініцыятыўную групу кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Мікалая Мякекі, які так подпісаў і не сабраў.

21 студзеня 2006 г. беларускае аддзяленьне ПРГР «Веча» распаўсюдзіла зварот за подпісам Садоўскай. Яно запатрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Лукашэнкі, заклікала да байкоту выбараў 19 сакавіка і зьвінаваціла расейскія спэцслужбы ў падтрымцы беларускага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?