01.01.2010 / 01:18

Нелюбімы час Лукашэнкі 43

Гэтым разам у навагоднім звароце галоўнага начальніка некалькі разоў прагучала слова «крызіс». Тое самае слоўца, што ім жа было «забаронена» на пачатку 2009-га. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Гэтым разам у навагоднім звароце Лукашэнкі некалькі разоў прагучала слова «крызіс». Тое самае слоўца, што ім жа было «забаронена» на пачатку 2009-га.

Лукашэнка ў 2009-м часта выглядаў стомленым і смутным. Фота Антона Матолькі ў часе візіту ў Вільню.

«Святы — мой самы нелюбімы час», — прызнаўся галоўны начальнік на пераднавагодняй прэс-канферэнцыі ў алмазе ведаў. Народ даведаўся, што афіцыйнаму лідэру нават «крышачку крыўдна: вы адпачываеце, шампанскае п’яце, а я мушу сядзець пры пульце кіравання».

Пры гэтым была абмалявана тыповая карціна прэзідэнцкага Новага года: малы Коля ўжо спіць, суграмадзяне весяляцца як дзеці, а ён — на варце, пільнуе мір і спакой Айчыны. Прагучала і драматычная гісторыя пра набліжэнне да Мінска нейкіх неапазнаных лятучых аб’ектаў: збіваць — не збіваць, во дзе нервы перагарэлі!

Так у падсвядомасці электарату абуджаецца архетып клапатлівага бацькі. А таксама — генеруецца ў падкорцы ўлюбёны правадырамі вобраз аточанай крэпасці, вакол якой так і шнуруюць злыя сілы.

Намёк на ворагаў, вонкавых ды ўнутраных, прагучаў і ў навагоднім звароце: «Чарговы раз памыліліся тыя, хто прадказваў нам немінучы крах».

А тады, у алмазе ведаў, Лукашэнка нечакана прызнаўся ў сваёй фобіі: каб чортаў крызіс не скончыўся якой вайной. Не думайце, што гэта проста лірыка. Тым болей што падавацца слабым ён не любіць. Гэта, бадай, інтуіцыйная гульня на беларускім сялянска-пенсіянерскім«абы вайны не было».

Што вы хочаце: дэ-фактапачалася перадвыбарная кампанія.

Яшчэ адна яе прыкмета: навязлыя ў вушах святочныя віншаванні ад «Белай Русі». Пакуль даедзеш на метро ад «Уручча» да «Кастрычніцкай», пачуеш як мінімум тройчы. Перасядаеш на аўтобус — і там не схавацца.

Памятаеце «Ферму» Оруэла: «Усе жывёлы роўныя. Але некаторыя жывёлы раўнейшыя за iншых». З трох тысяч грамадскіх арганізацый чамусьці выбралі гэту.

Добрую нішу знайшлі: зараз — з Новым годам ды Калядамі ад імя БР віншуюць, потым можна — з Днём абаронцаў Айчыны, жаночым святам і г.д. па календары. «Прошла весна, настало лето, спасибо партии за это!».

Нагадаю: увесну — мясцовыя выбары па новым законе. Траціну месцаў у камісіях трэба ахвяраваць партыям і грамадскім арганізацыям. Так што

грузяць з прыцэлам. Фрукт — яблык, частка твару — нос, грамадская арганізацыя — правільна, ліхтарат! — «Белая Русь».

Зрэшты, наконт выбараў Лукашэнка, як прагучала на той самай прэс-канферэнцыі, не напружваецца. Машына адладжана. Ягоны вораг — эканоміка.

Масква хоць ненашмат, на 11%, але ж задрала цану на газ — да 168 долараў. Ну, а з нафтай пакуль што затык. Перамоўшчыкі вяртаюцца з Масквы ні з чым.

Пад заслону года расійскія крыніцы паведамілі, што дэлегацыя з Мінска не мела паўнамоцтваў згаджацца на варыянт Сечына. Памятаеце: 5–6 мільёнаў тон бязмытнай нафты для ўнутраных патрэб, за астатняе ж будзьце ласкавыя адшпіліць па поўнай! Відаць, перамоўшчыкам было загадана да апошняга — кроў з носу! — змагацца за цалкам бязмытнае чорнае золата.

У выніку бакі ўваходзяць у 2010-ы без нафтавай дамовы. Крэмль дэманструе, што наважыўся прычыніць тутэйшы нафтавы афшор. Увогуле новы год абяцае перыядычнае баданне з Масквой.

З 1 студзеня пачынае дзейнічаць разрэкламаваны Адзіны мытны тарыф, але ў тым Мытным звязе яшчэ конь не валяўся. Лукашэнка яўна непакоіцца з нагоды непапулярнага мыта на аўто. Будуць новыя бітвы, найперш з Расіяй, ці не па кожнай з 632 адчувальных пазіцый, пад якія Беларусь зарэзервавала прынцып кансенсусу (ці, іначай кажучы, права вета).

На 2010 год зацверджаны валюнтарысцкія планы. Як нагнаць той ВУП, адкуль набрацца грошай на тыя заробкі — здаецца, не ведае ніхто, уключна з галоўным начальнікам. Надзея, як заўсёды, на шанцаванне.

Тым часам пухне снежны камяк пазык. Праз пару гадоў будзем толькі крактаць, вяртаючы асноўную масу крэдытаў. Напрыклад, графік пагашэння запазычанасці перад МВФ такі: 2009 год — 22,9 млн. долараў, 2010 — 79,4 млн., 2011 — 83,5 млн., 2012 — 627 млн., 2013 — 1 695,5 млн., 2014 — 1 194 млн., 2015 — 83,4 млн. долараў. Як вам дынаміка? А гэта ж не адзіны крэдытор! І крэдыт, мусіць, не апошні.

Рэфармаваць жа эканоміку трэба не таму, што дзядзькі з МВФ загадваюць, а таму, што іначай капец. Так што заявы галоўнага начальніка ў алмазе ведаў: народ, маўляў, рэформаў не хоча, а я раблю, як народу падабаецца — не болей чым перадвыбарны папулізм. Давядзецца рабіць цераз «не хачу».

Пад выбары, канечне, эканоміку згвалцяць і сакральныя $500 на брата, магчыма, выціснуць. Але потым гэта стане вылазіць бокам. Ды і не толькі эканоміка адгукнецца.

Нездарма Лукашэнка прызнаўся: яго навагодняя мара — вярнуцца «ў дакрызісны перыяд». Але гэта толькі мара. І калі наконт выбараў нязменны кіраўнік «не напружваецца» (хаця і тут не кажы «гоп!»), то

наступная кадэнцыя абяцае быць вострасюжэтнай і як мінімум не такой кіраванай.

Аляксандр Класкоўскі.

P. S. А нафтавы сюжэт тым часам абвастраецца. Інтэрфакс-Захад сярод ночы цытуе блізкую да беларускага ўраду крыніцу, што скардзіцца: у белакаменнай на нашу дэлегацыю «рабіўся беспрэцэдэнтны ціск».

Рэзюме: «Прапанаваныя расійскім бокам падыходы фактычна тарпедавалі ўсе дамоўленасці пра стварэнне Мытнага звязу». Як і прагназавалася, Мінск пачынае падвешваць новы праект.

Можна зразумець нелюбоў Лукашэнкі да святаў: Новы год — новая вайна.

0
Кнехт / Адказаць
01.01.2010 / 02:05
Спадар Класкоўскі, з Новым Годам! Вы сапраўдная "акула пяра": 0.18 га на гадзінніку, а матэрыял з навагоднім віньшаваннем "прэзідэнта" ў "студыі". Так трымаць! Жыве Беларусь!
0
Аляксандр Класкоўскі 2 Кнехт / Адказаць
01.01.2010 / 02:21
І вас са святам! Што ж да працы, то трэба спяшацца, пакуль указ пра інтэрнэт не падпісаны :)
0
Харэўскі / Адказаць
01.01.2010 / 09:42
Са сьвятам, дарагі калега! З Новым, няпростым, 2010 годам! Зычу ўсяго самага добрага: дабрыні, пяшчоты, ўпэўненасьці, свабоды! А Лукашэнка, па вялікім рахунку, не сказаў нічога новага, за выключэньнем тузіна новых словаў, прынамсі з 2000-га то дакладна. Адно зьявіліся інтнанацыі, цяплыня нейкая ў голасе, крыху чалавечнасьці... А ў цэлым -- дэспат, як дэспат. Недалёкі, самазкаханы, нахабны, перакананы ў сваёй бясхібнасьці й безпакаранасьці.
Паказаць усе каментары/ 43 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру