Пачатак у № 29.

Парлямэнт раз на пяць гадоў

Я за тое, каб званьне народнага пісьменьніка (мастака, артыста) надаваў парлямэнт у час сваіх адмысловых паседжаньняў. Дзеля выключэньня дэвальвацыі званьняў такія пасяджэньні мусяць зьбірацца нячаста – напрыклад, раз на пяць гадоў. Добра было б нават прадугледзець парадак іхняга скліканьня ў Канстытуцыі. Дэбаты пра літаратуру ў парлямэнцкіх мурох пэўна падвысілі б ейны статус у грамадзтве.

Вольф Рубінчык, палітоляг, кур’ер, Менск

Прызнаньне мае Арлоў

Калі гаварыць пра пісьменьнікаў, што маюць права цяпер называцца Народнымі, то скажу пра крытэры, паводле якіх мяркую. Званьне Народнага пісьменьніка, я ўпэўнены, мусіць зьмяшчаць у сабе як ацэнку літаратурнага ўзроўню майстра, так і адзнаку папулярнасьці аўтара, народнага прызнаньня. Значэньне мае ступень злабадзённасьці творчасьці, а таксама, думаю, і грамадзянская пазыцыя пісьменьніка.

Найбольш усім гэтым крытэрам у сучаснай Беларусі адпавядае Ўладзімер Арлоў. У мяне няма сумненьняў, што творчасьць Арлова ўвойдзе (калі яшчэ не ўвайшла) ў залаты фонд беларускай літаратуры. Не падлягае сумненьню таксама яго папулярнасьць і актуальнасьць.

Калі ёсьць магчымасьць «прагаласаваць» і за іншых, хачу аддаць свой голас таксама за Генадзя Бураўкіна ды Андрэя Хадановіча.

Спадар з gmail.com

* * *

Я галасую за Ўладзімера Арлова.

Спадар з inbox.ru

* * *

На вашу прапанову хачу адказаць, што гэтае званьне нам беларусам не пашкодзiла б, бо спрыяе стварэньню нацыянальнай элiты i усьведамленьню нацыянальнай годнасьцi. Лiчу, што гэтага званьня вартыя Вольга Iпатава, Рыгор Барадулiн, Васiль Сёмуха, Валянцiн Тарас,Уладзiмер Арлоў, Вiтаўт Чаропка.

Людміла Літвінава, Менск

Іпатава

Галасую за Вольгу Іпатаву

Зінаіда Крупская-Губарава, Вілейка

Зянон

Народным пісьменьнікам Беларусі варта назваць Зянона, бо ўсё, што ён піша, піша з думкаю пра наш народ. Піша геніяльна: трапна, даступна да масавага разуменьня, прароча. Многім час расплюшчыць вочы на літаратурны талент Пазьняка, калі ўжо нешта замінае ім успрыняць ягоны талент палітычны.

Карцаў, Менск

Тым, каму дала гісторыя

1. Наўрад ці варта гэтую гульню пачынаць, бо ў нашых умовах гэта можа прывесьці да ганеньня намінаваных і спарадзіць плойму «народных» ад паралельнай структуры. А некаторыя і па «кумпале» ў сваім доме атрымаюць.

2. Народнага павінна прысуджаць структура, упаўнаважаная народам і падкантрольная яму, з апрабаваньнем празь сіта гісторыі. Толькі чалавек (мастак), які ўвесь свой талент, розум і здароўе аддаў служэньню нашаму народу мае падставу называцца народным. Калі ж гаварыць, каму б я сёньня даў званьне народнага, дык гэта Багушэвічу, Багдановічу, Геніюш і Арсеньневай. Наша гісторыя ім дала гэтае званьне. Той, хто ня «цэніць» нашае мовы паводле «общедемократических» меркаваньняў, – ня наш народны! Калі толькі практыкуецца ў пляценьні слоў, не ідзе сёньня на барыкады – не народны!

3. Менш за ўсё трэба браць пад увагу меркаваньне калег-мастакоў, бо амаль усе яны сябе ставяць вышэй за іншых, усе яны з хворай амбіцыяй.

І.Крамко, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0