Ксёндз Юры Барок зьяўляецца чытачом «Нашай Нівы» ад першага году яе аднаўленьня, ён паходзіць з шматдзетнай мёрскай сям’і, ягоны брат Вячаслаў таксама сьвятарствуе, у Расонах. А.Юры пасьля сканчэньня Гарадзенскай сэмінарыі ўжо шэсьць гадоў жыве па-за межамі Беларусі. Год у Чэхіі, астатні час у Італіі. Хоць сталым месцам жыхарства Апэніны ён назваць ня можа, бо ўвесь час знаходзіцца з мэсіянэрскай дзейнасьцю ў розных краінах сьвету. І адна справа пастырстваваць у Нямеччыне ці Польшчы, а зусім іншая – у Індыі ці Зымбабвэ, дзе часам ёсьць пагроза нават для жыцьця.

Упершыню ў Зымбабвэ Юры Барок трапіў на запрашэньне біскупа другога па велічыні гораду краіны Булаваё ў 2004-м, прабыў там месяц. Пасьля завітаў на пяць месяцаў, потым яшчэ раз на столькі. Афіцыйна а.Барок знаходзіўся ў Зымбабвэ як настаўнік гісторыі, хоць і меў запрашэньне ад Каталіцкага Касьцёла. Апошнім часам урад Мугабэ ня дужа шануе эўрапейскіх сьвятароў. Айцец Юры тлумачыць гэта тым, што Касьцёл застаўся ледзьве не адзінай інстытуцыяй у краіне, якая не баіцца выступаць у абарону правоў чалавека. Сьвятар быў уражаны, наколькі ў палітычным пляне падобныя рэжымы Мугабэ і Лукашэнкі.

Сьвятарства ў краіне СНІДу

У Зымбабвэ сытуацыя ўскладняецца эканамічным спадам. «Інфляцыя за апошні год склала звыш 1000%, цяжка зразумець, за кошт чаго выжывае мясцовае насельніцтва».

Яшчэ адна бяда Зымбабвэ – вялікая колькасьць ВІЧ-інфікаваных. Адсотак хворых сягае 25–30, у суседняй Батсване сытуацыя яшчэ жахлівейшая: хворых на СНІД там 45–50%. «У гэтых краінах праз захворваньні няма будучыні, – працягвае Юры Барок. – Адна з нашых галоўных задачаў як сьвятароў – заклікаць людзей да аднаўленьня маралі, бо проста тэхнічныя мэтады тут ужо не дапамогуць. Таксама ў Зымбабвэ лютуюць халера і малярыя, таму трэба ўвесь час быць асьцярожным».

Найбольш у жыцьці зымбабвійцаў айца Юр’я ўразіў кантраст паміж афрыканскай прагісторыяй і мадэрнай культурай, якая прыходзіць з Эўропы. «Калі ў Эўропе цывілізацыя праходзіла паступовыя этапы разьвіцьця, то на Афрыку яна скінулася раптоўна. Зымбабвійцы ня хочуць самі ўдасканальвацца, яны ўпэўнены, што нехта прыйдзе з Эўропы ці Амэрыкі і дасьць усё, што ім трэба. Такі вынік каляніяльнай гісторыі. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што Захад і сёньня знаходзіцца ў вялікім абавязку перад Зымбабвэ. Яны жывуць паводле прынцыпу «нехта мусіць зрабіць нешта для кагосьці». Не разумеюць таго, што трэба самім рабіць гэтае «нешта» з тым «кімсьці».

У Зымбабвэ 12 мільёнаў насельніцтва, зь іх 52% лічаць сябе хрысьціянамі розных канфэсіяў. Пытаюся, ці ёсьць нейкія праблемы ў пастырскай дзейнасьці ў сувязі з моцнымі традыцыйнымі вераваньнямі. «Нейкіх спэцыфічных асаблівасьцяў няма, рэлігійны культ мае такі самы зьмест, як у Эўропе, а часам нават больш жорсткі. Але, на вялікі жаль, яшчэ сустракаюцца, хай і рэдка, людзі, якія могуць хадзіць і ў царкву, і да нейка-га мясцовага шамана. Да апошняга яны бягуць па цуды, але пераконваюцца, што той шаман ня здольны іх рабіць, і вяртаюцца ў касьцёл».

Ці каталік Мугабэ?

На нашых тэлеканалах Зымбабвэ нярэдка зьяўлялася ў зьвязку з прыцясьненьнем белага насельніцтва рэжымам Мугабэ. «Не, я не заўважыў нейкіх ксэнафобскіх поглядаў у карэннага насельніцтва Зымбабвэ да беласкурых, гэта, хутчэй, было характэрна для 80-х гадоў, хоць і цяпер падчас нейкіх выбараў Мугабэ спрабуе сыграць на «чорным» нацыяналізьме, маўляў, толькі калі ў краіне не застанецца белых, мы зможам уздыхнуць з палёгкай. І такія захады, як ні дзіўна, спрацоўваюць».

Хто ж такі Мугабэ, які ўстойліва трымаецца ў дзясятцы найбольшых дыктатараў сучаснасьці? «Мугабэ – гэта адыёзная асоба, здольная на неардынарныя ўчынкі, – кажа а.Барок. – Ён сапраўдны нацыянальны герой. Яму ўжо даўно няма дазволу на ўезд у краіны Эўразьвязу, але летась Мугабэ змог прабіць візу на пахаваньне Яна Паўла ІІ, дзе нават здолеў паціснуць руку прынцу Чарлзу. Назіраць за гэтым было вельмі сьмешна. Мугабэ лічыць сябе каталіком, але ён засьцерагаецца Касьцёлу, бо мы не баімся выказваць сваю пазыцыю па шматлікіх пытаньнях жыцьця Зымбабвэ. У выніку за апошні час з краіны было дэпартавана багата сьвятароў з Эўропы, некаторыя зь іх адпрацавалі ў краіне звыш 30 гадоў. У Зымбабвэ ў свой час было адкрыта шмат платных каталіцкіх школ і каледжаў – у адным з такіх цяпер, калі не памыляюся, вучыцца дачка Мугабэ – дык гэтыя навучальныя ўстановы скончылі амаль усе ўрадоўцы».

Дакрануцца да белага

Летась напярэдадні Раства айцец Юры аказаўся ў лягеры ўцекачоў ля мяжы з Мазамбікам. Яго надзвычай уразілі людзі, якія там жывуць. Яны ня маюць ні краіны, ні мовы, ні будучыні, але працягваюць верыць у лепшае. Большасьць у тым лягеры – уцекачы хуту з Руанды. «Многія зь іх ніколі ў жыцьці ня бачылі белага чалавека, для іх гэта вялікае дзіва, і карціць дакрануцца да эўрапейца. Даводзілася адпраўляць службы і ў вёсках, дзе ў касьцёле няма сьвятла і ты чытаеш імшу пры сьвечках. Вывучыў нават некалькі фразаў на мясцовай мове ндэбэле. Зымбабвійцам прыемна, калі іх запытаць па-мясцоваму, як жыцьцё ці нешта іншае».

Юры Барок не прамінуў магчымасьці пазнаёміцца бліжэй з прыродай Зымбабвэ. «Я два разы езьдзіў глядзець на вадаспад Вікторыя – гэта незабыўнае відовішча. Пакатаўся вярхом на сьпіне ў слана, паглядзеў кракадзілавыя фэрмы, зайшоў усярэдзіну гіганцкіх пячораў, а таксама паспытаў на смак смажанага вусеня. Гэта краіна незвычайнай прыгажосьці, і цяпер балюча глядзець, як разбураецца інфаструктура Зымбабвэ, закладзеная пры ангельцах».

Здымкі з Плошчы

Аднак з асаблівай пяшчотай а.Юры згадвае выпадковыя сустрэчы зь беларускасьцю ў Зымбабвэ. «У Булаваё з дапамогай аднаго польскага ксяндза я сустрэўся зь беларускай сям’ёй, якая там жыве ўжо ня першы год. Мы цудоўна паразмаўлялі па-беларуску, гэта быў сапраўдны глыток сьвежага паветра. Альбо ў італійскай рэстарацыі ў Зымбабвэ натыкаесься на рэпрадукцыі карцінаў майго ўлюбёнага Марка Шагала і воляй-няволяй пачынаеш задумляцца пра лёс Бацькаўшчыны. Падчас сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў зымбабвійская ангельскамоўная прэса шмат пісала пра падзеі ў Беларусі. Разгортваеш сьвежы нумар, а там фатаздымкі з Плошчы. Прычым нават у дзяржаўных выданьнях інфармацыя была абсалютна нэўтральная. Тыя, хто маюць спадарожнікавыя антэны і глядзяць эўрапейскія каналы, ведаюць шмат пра Беларусь. Але і простыя зымбабвійцы згадваюць, напрыклад, тэнісны матч між Беларусьсю і Зымбабвэ».

«У час Плошчы я нават хацеў прыехаць у Менск, бо адчуваў сваю патрэбу быць з тымі людзьмі, там былі мае браты, адзін зь якіх нават атрымаў суткі. Я таксама ў 2000 годзе адбываў трохсуткавы арышт на Акрэсьціна пасьля сьвяткаваньня Дня Волі. Сачыў за сакавіцкімі падзеямі праз Інтэрнэт, мне гэта ўсё вельмі балюча. Я б даўно мог зьмяніць грамадзянства, але застаюся беларусам ня толькі па пашпарце, але і ў сьвядомасьці».

Праціўнік лібэралізму, прыхільнік глябалізму

Айцец Юры цяпер будзе навучацца на тэалягічным факультэце Рымскага марыянскага ўнівэрсытэту. Ён надзвычай цікавіцца філязофіяй, ідэямі камунітарнага пэрсаналізму, які вывучаў на зымбабвійскім прыкладзе, бо толькі ў ім бачыць выйсьце для эўрапейскай супольнасьці. Кс.Барок скептычна ставіцца да лібэралізму, затое бачыць будучыню за глябалізацыяй, якую называе здаровай праявай нашага постмадэрнісцкага часу. Ён марыць, што некалі ў Беларусі зьявяцца вартыя каталіцкія навуковыя інстытуцыі, выводзячы Каталіцкі Касьцёл у Беларусі з стану субкультуры. Юры Барок не выключае, што па сканчэньні вучобы прыедзе служыць на Радзіму, бо адчувае па

Фота з архіву Ю.Барка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?