Міністэрства інфармацыі ў чарговы раз адмовіла ў рэгістрацыі выданню «Магілёўскі час». Трэцяя адмова — і новая прычына, каб не даць незалежнай газеце працаваць легальна.

Першая спроба зарэгістраваць «Магілёўскі час» як грамадска‑палітычнае выданне была здзейснена сёлета ў верасні. Да гэтага газета выходзіла ў выглядзе малафарматвага выдання накладам у 299 асобнікаў. Праз месяц пасля падачы дакументаў у Міністэрства інфармацыі заснавальніца выдання Ганна Ільіна атрымала ліст, падпісаны намеснікам міністра Аляксандра Слабадчука. У ім паведамлялася, што газеце адмоўлена ў рэгістрацыі праз тое, што Ільіна, як будучая галоўная рэдактарка выдання, мусіць мець вышэйшую адукацыю.

Ганна Ільіна выканала патрабаванне Мінінфармацыі. Змяніўшы галоўнага рэдактара, яна зноў падала дакументы на рэгістрацыю. У другі раз выданне адмовілі рэгістраваць, бо да дакументаў не была прыкладзеная копія дамовы заснавальніка і юрыдычнай асобы, на якую ўскладаюцца функцыі рэдакцыі.

Трэцюю адмову ў рэгістрацыі «Магілёўскаму часу» падпісаў цяперашні міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Яна была абгрунтавана тым, што памяшканне не адпавядае нормам заканадаўства. Праблемы з памяшканнем насамрэч былі, і з’явіліся яны пасля таго, як на сайце магілёўскага гарвыканкаму на імя старшыні з’явіўся ліст ад «жыхароў раёна Калужскі Магілёва». «Жыхары» выказалі занепакоенасць тым, што ў іх раёне з’явіцца новая газета ды друкарня (указаўшы юрыдычны адрас газеты «Магілёўскі час»): гэта, маўляў, пагоршыць без таго кепскія ўмовы для жыцця людзей.

«Да і навошта нам гэтыя газеты, колькі ўжо гэтых газетаў у горадзе напладзілі? Чытаць у іх няма чаго! Просім не дапусціць гэтае бясчынства», — было напісана ў звароце.

Паводле словаў Ільіной, наконт таго, што ў магілёўскіх газетах няма чаго чытаць — адзіны пункт, з якім пагадзілася рэдакцыя «Магілёўскага часу». Менавіта таму і ўзнікла жаданне пашырэння і афіцыйнай рэгістрацыі выдання. Пасля публікацыі згаданага звароту Ганне патэлефанаваў арэндадаўца і паведаміў, што праз гэты ліст яго пачалі правяраць пажарнікі і санстанцыя. Ён таксама паведаміў, што да 15 студзеня яна мусіць падпісаць дамову аб скасаванні дамовы, бо памяшканне зачыняецца на рэканструкцыю.

Як адзначыла заснавальніца выдання, існуе некалькі рэальных прычын таго, што «Магілёўскі час» не жадаюць рэгістраваць. «Па‑першае, мы няўдала абралі час для рэгістрацыі, таму што ўлады рыхтуюцца да выбараў, а па‑другое, прыватная ініцыятыва ў нас караецца. І гэта тычыцца не толькі сродкаў масавай інфармацыі» — заявіла яна.

З моманту першай спробы рэгістрацыі выданне не выходзіць у друк. Як зазначыла Ільна, яна не збіраецца здавацца і будзе падаваць дакументы на рэгістрацыю чацвёрты раз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?