«В значыць Вэндэта»

(V for Vendetta, 2005, ЗША–Нямеччына).

Стваральнікі «Матрыцы», браты Вачоўскія, узяліся за адаптацыю графічнай навэлі, створанай Адамам Мурам у 80-я гады, што была прысьвечаная супрацьстаяньню рамантычнага анархіста з фашыстоўскім урадам. Галоўны герой коміксу, В, – прыхільнік клясычнага анархізму і лічыць, што перад тым, як будаваць новы сьвет, трэба зруйнаваць стары. Падзеі адбываюцца ў Вялікай Брытаніі і ёсьць своеасаблівай рэакцыяй аўтара на эпоху кіраваньня Маргарэт Тэтчэр.

Аўтары кінастужкі ўзялі графічную навэлю за аснову, пакінулі сюжэт твору, але зьмянілі кантэкст і галоўную ідэю, што і выклікала абурэньне стваральніка коміксу Адама Мура, які, аднак, традыцыйна адхрышчваецца ад экранізацыяў сваіх коміксаў, як было, напрыклад, зь «лігай экстраардынарных джэнтэльмэнаў».

У фільме ў высокатэхналягічнай атмасфэры ў духу твору Орўэла «1984» адбываецца супрацьстаяньне індывіда і таталітарнага грамадзтва, але гэта ўжо супрацьстаяньне іншых ідэалёгіяў – лібэралізму і нэакансэрватызму, і такім чынам, паводле стужкі, галоўная пагроза грамадзтву ідзе ўжо ад ультра-кансэрватыўнай паліцэйскай дзяржавы, а галоўныя тэмы для разважаньня – тэрарызм і дзяржаўны кантроль над грамадзтвам. Цікава, што галоўным героем кіруе помста, і гэта яднае яго з такімі рамантычнымі героямі, як, напрыклад, граф Монтэ-Крыста. Ва ўсялякім разе, стужка навявае шэраг алюзіяў, асацыяцыяў і заахвочвае да філязофскіх спрэчак.

Але яе можна паглядзець і не паглыбляючыся ў высокія разважаньні – футурыстычны кантэкст, цікавыя здымкі, вядомыя акторы Наталі Портман («Леон», «Блізкасьць») і Г’юга Ўівінг («Уладальнік пярсьцёнкаў», «Матрыца»), чаму б і не?

«Пацалунак наскрозь»

(Kiss Kiss Bang Bang, 2005, ЗША).

Майстар экшэнаў Шэйн Блэк здымае парадыйны дэтэктыў з удзелам Робэрта Даўні («Чаплін») і Вэла Кілмэра («Схватка», «Мора Солтана»), чыіх герояў зводзіць разам нетрывіяльны цудоўна закручаны сюжэт і сцэнар, поўны досьціпаў і жартаў, а дыялёгі прапісаны так, што іх хочацца цытаваць.

«Каханьне

і цыгарэты» (Romance & Cigarettes, 2005, ЗША).

Аповед пра простага пралетарыя, бацьку трох дачок, які здраджвае сваёй жонцы з сэксуальнай рыжавалосай жанчынай. Скажаце: банальна і нудна? А калі прадусэры стужкі браты Коэны, а галоўныя ролі выконваюць Джэймз Гандальфіні («Клан Сапрана»), Сьюзан Сарандон («Тэльма і Луіза», «Мачыха»), Кэйт Ўінслэт («Тытанік», «Розум і пачуцьці»), Стыў Бушэмі («Армагедон»)? А калі яны сьпяваюць і танчаць пад гіты сусьветнай музыкі ад Прэсьлі да Тома Джонса? А калі яны атрымліваюць асалоду ад таго, што здымаюцца менавіта ў гэтым фільме? І незаўважна робяць пародыі на свае былыя ролі ці галівудзкія кінатрадыцыі?.. То гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Не прапусьцеце!

«Труп нарачонай Тыма Бёртана»

(Tim Burton’s Corpse Bride, 2005, Вялікая Брытанія–ЗША), анімацыя.

Займальная анімацыя зь сьвежым гумарам, у лепшых традыцыях Тыма Бёртана («Кашмар перад Калядамі»). Калі пашчасьціць паглядзець у арыгінале, можна атрымаць асалоду ад галасоў Джоні Дэпа і Гэлены Бонэм-Картэр, якая, дарэчы, насамрэч ёсьць нарачонай рэжысэра мульціка Тыма Бёртана, чым, відавочна, і тлумачыцца назоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?