08.01.2010 / 19:01

Антон Луцкевіч і ягонае «падвойнае жанімства» 12

Анатоль Сідарэвіч піша пра адзін з эпізодаў кнігі Алега Латышонка «Нацыянальнасць — Беларус».

Ужо даўнавата я прачытаў у адным тэксце доктара Алега Латышонка, што Антон Луцкевіч быў двойчы жанаты. А з тае прычыны, што рымска‑каталіцкая Царква не давала разводу з першаю жонкай, перайшоў у кальвінізм. Тады я не занатаваў крыніцу інфармацыі. І вось цяпер маю кнігу д‑ра А. Латышонка «Нацыянальнасць — Беларус».

Кніга выйшла ў той самай серыі, што і грунтоўныя тамы твораў доктара Юрыя Туронка, ксяндза Адама Станкевіча і таго ж Антона Луцкевіча. А перад кнігаю «Нацыянальнасць — Беларус» у серыі свет убачыла кніга таго самага аўтара «Жаўнеры БНР».

Абяцаючы вярнуцца да кнігі «Жаўнеры БНР», зараз я хачу спыніцца на момантах, якія найбольш закранулі мяне ў кнізе «Нацыянальнасць — Беларус».

У артыкуле «Беларускія палітыкі і пратэстанты. Ад «Гомона» да Грамады» я знайшоў тую цытату пра падвойнае жанімства і пратэстантызм А. Луцкевіча. Аўтар піша, што ў сярэдзіне 1920‑х А. Луцкевіч быў ужо пратэстантам. Далей цытую: «Праўду кажучы, ён перайшоў у кальвінізм па фармальных прычынах (развод і другі шлюб) і сапраўды быў атэістам».

Што А. Луцкевіч, перакладчык (разам з баптысцкім пастарам Лукашом Дзекуцем‑Малеем) Новага Запавету і Псалмаў на беларускую мову, быў атэістам — гэта шчырая праўда. Але выклікае пярэчанне сцверджанне аўтара пра развод і другі шлюб А. Луцкевіча. Наколькі мне вядома, А. Луцкевіч у канцы 1919‑га ці то на пачатку 1920‑га ажаніўся першы і адзіны раз з выпускніцай Сарбоны доктарам Зоф’яй Абрамавічанкай.

А. Луцкевіч ведаў панну Зоф’ю і да сусветнае вайны, бо ў Вільні ў той час усе ведалі ўсіх. Можна меркаваць, што ў час побыту ў Парыжы (чэрвень—жнівень 1919 года) ён пазнаёміўся з паннай Зоф’яй бліжэй. Яна была значна маладзейшая за А. Луцкевіча і прыгожая. Сам жа А. Луцкевіч у 1919 годзе быў ужо ва ўзросце «шляхецкага кавалера» — яму споўнілася трыццаць пяць. (Тагачасныя шляхцічы жаніліся і пазней. Прыкладам, Ян Баляслаў Луцкевіч, Антонаў бацька, першы раз стаў пад вянец у сорак тры.)

А. Луцкевічу падабалася панна Зоф’я Абрамавічанка, а панне Зоф’і, мусібыць, падабаўся красамоўны «версальчык» (так за шляхетныя манеры А. Луцкевіча называў адзін з ягоных вучняў). Але на перашкодзе стаялі Царква і родзічы Луцкевіча. Радня паўстала супраць шлюбу Танюська (на польскі лад Антона называлі ў сям’і Toniusiek) з габрэйкай. Царква ж не магла ўдзяліць намінальнаму каталіку Луцкевічу таемства шлюбу з юдэйкай. Упарты і відавочна закаханы Танюсек ігнараваў пратэсты сям’і і забарону ксяндзоў. Паколькі ў той час шлюб мог быць толькі царкоўны, намінальны каталік стаў намінальным пратэстантам.

Кальвінская царква ў Вільні месцілася ў той час ў будынку на Завальнай, у якім за саветамі быў кінатэатр Kronika. Там, дарэчы, былі ахрышчаныя абодва сыны Антона і Зоф’і Луцкевічаў. У 1980‑х Юрка і Лявон Луцкевічы жартавалі, што іх хрысцілі ў кінатэатры.

* * *

Латышонак Алег. Нацыянальнасць — Беларус. Беласток—Вільня, 2009. — 558 с.

Анатоль Сідарэвіч

0
Цікаўны / Адказаць
08.01.2010 / 19:20
Дык яна ніколі не перайшла ў хрысціянства?! Тады выходзіць, што, нягледзячы на хрост, паводле габрэйскіх законаў, яго дзеці - фактычна габрэі? Цікава, у такім разе, як яны перажылі вайну?
0
Цікаўнаму / Адказаць
08.01.2010 / 22:12
Як перажылі Юрка і Лявон? Выратавала нямецкая афіцэрская форма, у якой яны служылі -- інакш, сапраўды, смерць. пачытайце ўспаміныдеаніда Галяка, там яны праходзяць пад нікам - Браты. Галяк ведаў, што яны засталіся ў жывых, таму прозвішчы не называў.
0
Менчук / Адказаць
08.01.2010 / 22:30
І ня толькі перажылі... Дзеці А. Луцкевіча служылі ў беларускіх вайсковых вармацыях, Юры нават афіцэрам быў. Але ж... усёж, калі дзяцей хрысьцілі, юдэямі яны ўжо не былі. Але ж гэта яшчэ раз паказвае ўвёсю мытычнасьць аб "агульным" галакосьце.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру