12 студзеня (аўторак) у Мінску адбудзецца доўгачаканае адкрыццё кінатэатра «Кіеў», дзе паказ кінакарцін будзе ажыццяўляцца ў фармаце Dolby 3D.
Першай кінастужкай, паказанай ў трохмерным выглядзе, стане «Аватар» Джэймса Кэмерана.
«Кіеў» пакуль першы ў Беларусі пераабсталяваны пад 3D‑фармат кінатэатр. Пры праглядзе фільмаў у 3D у гледачоў ствараецца ілюзія аб’ёмнасці адлюстравання і ілюзія наяўнасці трэцяга вымярэння.Менавіта таму для прагляду фантастычнай кінастужкі Кэмерана, якая ўжо стала бясспрэчным лідэрам кінапраката, кінатэатры пачалі пераабсталёўваць па ўсім свеце. Да прыкладу, у суседняй Расіі колькасць 3D‑заляў павялічылася ў тры разы да 323. Між іншым, абсталяванне адной 3D‑залі каштуе каля 100 тысяч еўра, але арганізатары кінапракату ўпэўнены, што ў трохмерным выглядзе стужку паглядзіць рэкордная колькасць людзей.
12 і 13 студзеня ў кінатэатры «Кіеў» гледачам пакажуць па аднаму сеансу фільма «Аватар».
Пачынаючы з 14 студзеня, кінатэатр будзе працаваць у звычайным рэжыме — два сеансы ў будні і тры сеансы ў выходныя. Графік працы будзе змяняцца ў залежнасці ад працягласці кінастужак.