Нагодай напісаць гэты тэкст стаў поўны смутку ліст даўняй чытачкі «НН», сп‑ні Валянціны Ліпніцкай з Мінска.

«Вашы імёны стаяць у адным шэрагу з імёнамі А.Уласава, Янкі Купалы, А.Луцкевіча, — піша яна. — Гэта азначае, што ваша газета працягвае тую ж ідэю, мае тую ж мэту, якую мелі на ўвазе вашы папярэднікі — выдатныя сыны беларускага народа. Менавіта дзеля гэтай ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння і падпісваецца на вашу газету самая свядомая частка беларускага народа, што згаладалася па праўдзівай інфармацыі.

І што ж яна атрымлівае, узяўшы ў рукі «НН»? Атрымлівае інфармацыю, прыпраўленую пікантным «сушы на голым целе», жаночай віяграй, навінамі пра геяў, якія на Захадзе прыходзяць да ўлады…»

Гэтыя словы адлюстроўваюць горыч часткі нашых чытачоў — пераважна старэйшых, больш кансерватыўных і вельмі адданых нацыянальнай культуры і справе. Мусім патлумачыцца.

Не самі сабою фота з аголенай натурай робяць газету «жоўтай».

Жаўцізна — гэта калі фота з аголенай натурай і віягра падмяняюць інфармацыю. Важную для разумення працэсаў, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Калі чытачу накідаюць дурныя, ненатуральныя стандарты спажывання. Калі чалавек неінфармаваны, а галава ягоная задураная другасным, ім лёгка маніпуляваць.

Жыццё шматвымернае. Чалавек не можа жыць без ежы, чалавек хварэе і мусіць лячыцца, адпачываць і забаўляцца — таксама ўласціва чалавеку. Таму ў «НН», апроч абавязковых палос з палітычнай, эканамічнай інфармацыяй, актуальных каментароў, гутарак, звестак пра новыя кнігі і музыку, мы змяшчаем артыкулы пра здаровы лад жыцця, навуковыя даследаванні, сенсацыі, забавы. Арыентавацца ў масе інфармацыі чытачу дапамагаюць расстаўленыя акцэнты. Ніколі навіной тыдня ў «НН» не будзе развод Пугачовай з Кіркоравым, напрыклад.

Варта таксама адзначыць рамантызаванае ўяўленне пра «НН» пачатку ХХ стагоддзя.

«Наша Ніва» Уласава і Купалы таксама не была епархіяльнымі ведамасцямі. Яна была адкрытая да ўсіх праяваў сучаснага ёй жыцця. У той «НН», прыкладам, пісалі аб правах жанчынаў — скандальная, мала каму зразумелая ў тагачаснай беларускай вёсцы тэма. Там друкавалася рэклама прэзерватываў і маскоўскіх збройных магазінаў. Прычым па‑расійску — відаць, такім было патрабаванне рэкламадаўцаў.

Калі б тагачасныя тэхналогіі дазвалялі масава прадукаваць фота, выдаўцы «НН», пэўна, не абыходзілі б увагай і фотавыявы, якія шаноўная чытачка называе «пікантнымі». Бо і яны прыцягнулі б увагу чытачоў.

Што да палітыкі, то тая «НН» няспынна, штонумар асвятляла працу зародкавага парламента царскай Расіі — Думы, хоць у Думе не было дэпутатаў ад беларускага нацыянальнага руху.

Такі рэалізм не перашкаджаў, а дапамагаў той газеце стаць асновай для беларускіх граматык і кадравай школай палітыкі першай паловы ХХ ст. Менавіта дзякуючы сваёй адкрытасці, полівалентнасці, дзякуючы таму, што «НН» абвясціла сябе газетай не для мужыкоў і не для паноў, а для ўсіх, яна здолела акамуляваць найлепшыя нацыянальныя сілы.

У пачатку ХХ стагоддзя не было пагрозы знікнення беларускай мовы. На ёй гаварыла ўся гіганцкая сялянская Беларусь. Галоўнай задачай тых нашаніўцаў была кансалідацыя носьбітаў гэтай мовы ў супольнасць. Пра нацыянальную дзяржаву за царом нават не марылася ўголас.

Сёння маем сучасную, невялікую, але моцную беларускую супольнасць. Маем і нацыянальную дзяржаву. Але гэтая дзяржава збудаваная так, што можа цалкам функцыянаваць без беларускай мовы. Няма патрэбы яе вучыць у школе, каб працягнуць адукацыю. Няма дзяржаўнай установы, куды цябе не ўзялі б без ведання мовы. Нават у найвышэйшых чыноўнікаў няма патрэбы гаварыць па‑беларуску.

Стаіць першарадная задача падтрымання мовы, яе развіцця і стварэння перадумоваў для яе пашырэння, каб давершылася тварэнне беларускай нацыі.

Стратэгічнай памылкай было б абраць шлях біблейскіх фарысеяў. Замкнуцца ў сваім коле. Абвясціць сябе апошнімі носьбітамі сапраўднай ідэнтычнасці. Самаізаляваную газету не трэ было б зачыняць. Пра яе існаванне проста забылі б. Прыклады — навідавоку.

Наша тактыка — іншая. Мы кажам: «Усе, хто не супраць нас, — з намі». Усе, хто хоча размаўляць па‑беларуску, вучыць родную мову ці хоць бы не забываць яе, падтрымліваць яе веданне на элементарным узроўні, хай чытаюць «НН». І хай кожны, хто мае хоць кроплю жадання чытаць па‑беларуску, знаходзіць у «НН» штосьці сваё. Друкуючы артыкулы на «лёгкія» тэмы — стыль жыцця, рэцэпты, здароўе, — мы замацоўваем мову ў штодзённасці. Лепш надрукаваць адзін рэцэпт, газета з якім трапіць у рукі расійскамоўнай гаспадыні, чым пяць правільных артыкулаў пра патрэбу любіць мову. Бо такія не будзе чытаць нават самая традыцыяналісцкая аўдыторыя: людзі пабачаць загалоўкі і са спакойнай душой перагорнуць старонку.

Сёння яшчэ было б занадта вялікай раскошай для беларускамоўнай газеты ў незалежным сектары — адкідаць частку аўдыторыі: кансерватыўную або ліберальную, рэлігійную ці свецкую, старэйшую ці маладзейшую. Мы мусім знаходзіць кропкі судакранання.

У становішчы культурнай дыскрымінацыі беларуская газета для многіх чытачоў — адхланне. Яна мусіць, у нейкім сэнсе, ліць бальзам на раны, нанесеныя штодзённым уціскам усяго беларускага праз пануючую савецкую культуру. А таксама ўціскам праўдзівага, прынцыповага карумпаваным, цынічным постсавецкім рэжымам. Але не менш

важная задача — паказваць чытачу, як змяняецца свет і краіна, які складаны чалавек і збудаванае ім грамадства. Не маляваць рэальнасць чорна‑белай, бо яна не такая, а ўважліва адсочваць нюансы.

Сцверджанне, што ўсе з’явы, якія газета гнеўна не асуджае, яна аўтаматычна ўхваляе, былі справядлівыя ў дачыненні да прапагандысцкіх газет. Мы не прапагандуем і не асуджаем. Мы паказваем чытачам праблемы.

Якраз з гэтым перагукаецца другі закід на адрас «НН»: «Было прыкра чытаць у вашай газеце асуджаючыя радкі пра ксяндза Бульку, якія і давялі яго, хутчэй за ўсё, да рэанімацыі. …І ўжо адно тое, што пасля вайны ён зрабіў выбар у напрамку цнатлівага жыцця духоўнай асобы, кажа нам пра тое, што душа ў яго была чыстай і ён не падлягае асуджэнню. … Вы павінны рэабілітаваць гэтага чалавека — надрукаваць праўдзівы артыкул, адлюстроўваючы дабро, звязанае з яго імем. Калі вы гэтага не зробіце, то гэта будзе азначаць, што газета Янкі Купалы стала звычайнай жоўтай газетай, сэксуальна заклапочанай, што і закрывае ёй вочы на ўсё чыстае і праўдзівае».

У нашых матэрыялах пра 84-гадовага ксяндза Юозаса Бульку мы не адмаўляем ягонай вялікай ролі ў арганізацыі мясцовага жыцця ў Мосары. Таксама ў іх няма абвінавачанняў на яго адрас, якія сыходзілі б ад «НН». Але мы лічым згубнай і крывадушнай практыку абмежавання інфармацыі. Калі святар ігнаруе беларускую мову, лічыць беларускую культуру малаважнай, трэба пра гэта пісаць. Калі за ксяндзом цягнецца шлейф неадказаных пытанняў, пра гэта варта расказваць. Газета мае быць пляцоўкай для абмеркавання цікавай людзям праблемы, нават калі яна балючая.

Аб тым, што гісторыя айца Юозаса Булькі цікавая, сведчыць хоць бы тое, што на сайце «НН» матэрыялы на гэтую тэму набіралі болей за пяць тысяч прачытанняў і сотні каментароў рознага характару. Газета падае на сваіх старонках розныя меркаванні. Бо гэтыя розныя меркаванні існуюць.

«НН» застанецца люстэркам жыцця. Усё, што Вы бачыце ў газеце, ёсць у жыцці сённяшняга беларускага грамадства. Або было ў жыцці ўчарашняга. Або будзе ў жыцці заўтрашняга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?