Стваральнікі пілотнага нумар часопіса Filet хочуць заняць нішу паміж пачылай у Бозе-Сеціве «Студэнцкай Dумкай» і альманахам сучаснай культуры пАRTызан. Пры гэтым, у адрозненне ад іх, мяшаюць беларускую мову з расейскай.

На глуха абглянцаванай, аздобленай арт-здымкамі, паперы яны хочуць па-беларуску, расейску і крышачку па-ангельску распавесці, прадэманстраваць на прыкладах і проста паінфармаваць паспалітага чытача, якімі павевамі цяпер дыхае сучасная культура і сучаны творца. Фармуляваць пра элітарнае (не)элітам.

«Мы не арт-праект, не часопіс разлічаны на тусоўчыкаў, ці толькі на прасунутую моладзь, — кажа галоўны рэдактар Валер Краснагір. — Найперш нашая публіка — гэта актыўныя, цікаўныя людзі. Мы хочам, каб чалавек з мінімальным узроўнем падрыхтаванасці ўзяў у рукі наш часопіс і даведаўся з яго пра апошнія накірункі сучаснай музыкі, дызайну, кінематографу. Мы не збіраемся стамляць людзей навуковымі выкладкамі, будзем падаваць адметныя з'явы культурнага поля Беларусі і замежжа».

Сапраўды, у Filet'e прэзентаваныя як замежныя, так і айчынныя творцы. Напрыклад, тут і гутарка з Квенцінам Таранціна: ён разважае пра пасланні свайго апошняга фільм «Бясслаўныя байструкі», побач - інтэрв'ю Андрэя Кудзіненкі, аўтара стужкі «Містэрыі. Акупацыя», у якім той распавядае пра здыманні сваёй новай жахалкі. Не забытыя і прадстаўнікі творчага андэграўнду: расейскага літаратурнага (інтэрв'ю са скандальным аўтарам «Блакітнага сала» і «Дозы» Уладзімірам Сарокіным), і беларускага музычнага (ды-джэй Юма).

У першым нумары Filet таксама эксперыменты: паліфанічнае арт-інтэрв'ю, у якім простыя работнікі шчыльна звязанай з шоў-бізнэсам «БелЭкасыстэмы», канторы, якая ўтылізуе пірацкія кружэлкі, распавялі пра свае музычныя прэферэнцыі. Агляды расійскіх фільмаў «Кісларод» і скандальнага ангельскага «Бруна». З літаратуры: вершы Вольгі Гапеевай і Арцёма Кавалеўскага.

Стваральнікі часопісу маюць намеры выпускаць 4 нумары на год. Першы нумар распаўсюджваецца задарма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?