Урад зацвердзіў мэтавыя паказчыкі прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі на 2010 год.

Як паведаміла прэс‑служба ўрада, адпаведную пастанову № 1740 Савет міністраў прыняў 31 снежня 2009 года.

Згодна з зацверджанымі паказчыкамі валавы ўнутраны прадукт (ВУП) у 2010 годзе ў супастаўных цэнах да 2009 года запланаваны на ўзроўні 111—113%.

Прагноз вытворчасці прадукцыі прамысловасці — 110—112%, інвестыцый у асноўны капітал — 123—125%.

Экспарт тавараў у фактычных цэнах прагназуецца на ўзроўні 129—130%, імпарт — 119—120%, сальда знешняга гандлю таварамі — мінус 6 млрд. 350 млн. долараў.

Узровень матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці павінен знізіцца на 0,7—1,2%. Зніжэнне энергаёмістасці ВУП прагназуецца на 8—10%. Да міністэрстваў і канцэрнаў даведзены паказчык суадносінаў тэмпаў росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) і тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі. Таксама для іх вызначаны паказчыкі ўзроўню сертыфікаванай прадукцыі, якая мае сертыфікат адпаведнасці, і новай прадукцыі ў аб’ёме прамысловай вытворчасці.

Устанаўліваецца кантроль за выкананнем мэтавых паказчыкаў прагнозу арганізацыямі, якія маюць асаблівую значнасць для развіцця эканомікі Беларусі. У гэты пералік уключана 130 арганізацый. У яго ўвайшлі ААТ «Гомельшкло», ВРУП «Беларускі цэментны завод», ЗАТ «Атлант», ААТ «Амкадор», ААТ «Мінскі маторны завод», Мінскі завод колавых цягачоў, ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», ААТ «Бабуліна крынка», а таксама прадпрыемствы канцэрнаў «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Белдзяржхарчпрам», «Белбіяфарм», «Беллеспаперапрам».

Міністэрству эканомікі ў двухтыднёвы тэрмін пасля прыняцця гэтай пастановы неабходна зацвердзіць разліковыя балансавыя паказчыкі прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі на 2010 год. Гэтаму міністэрству сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам неабходна ажыццяўляць пастаянны кантроль за выкананнем найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі на 2010 год.

У пастанове ўказана, што асноўныя мэтавыя паказчыкі развіцця не вызначаюцца для гаспадарчага таварыства, якое не карыстаецца дзяржаўнай фінансавай падтрымкай і (або) у якім Беларусь або адміністрацыйна‑тэрытарыяльная адзінка, валодаючы акцыямі (долямі ў статутных фондах), не можа вызначаць рашэнні, што прымаюцца гэтым гаспадарчым таварыствам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?