З дарогі — кветкі, ціхая вада ў сажалках, супакой і пекната ля касцёлу.
– Мы не ведалі, што такое можа быць…
– Якая прыгажосць!...
– Вось бы старшыні калгасу былі, як наш ксёндз!
У 2006 годзе была створаная дакументальная стужка пра ксяндза Юозаса Бульку «Бог дзейнічае праз людзей». Людзі расказваюць, здзіўляюцца.
Ксёндз Юозас Булька прыехаў у Мосар у 1989 годзе.
– Было смецце навокал. А ён прыехаў, у першы дзень, сказаў: тут будзе сажалка і лілеі красаваць. Ніхто не паверыў.
Булька ўзяў у калгасе гектар буракоў, сам іх апрацоўваў, увосень здаў — а на атрыманыя грошы распачаў аздобу касцёла. Далучыліся парафіяне.
У кадры яны саджаюць кветкі.
Ксёндз прэлат сам з нейкімі корабамі.
А па-за кадрам застаўся яшчэ маленькі музей са старымі рэчамі і фатаграфіямі, якія расказваюць пра колішняе жыццё. Клопат ксяндза Юозаса.
Не трапілі ў стужку абразкі-карціны на крыжовай дарозе да крыніцы, пастаўленыя парафіянамі ды аздароўленымі ад алкагалізму. Абразкі наіўныя, шчырыя — народнае мастацтва — але ад усёй душы.
І штогод, дзякуючы няўрымслівасці ксяндза, з’яўлялася нешта новае — скульптура, маленькі абразок, крыж на гары — вялізны, жалезны. Зямля навокал, па-за касцёламі зазвычай абыякавая — упрыгожвалася, нагадвала: Бог тут, паглядзі, звярніся!
І служба, служба: у адной вёсачцы, у другой, у трэцяй. У каплічцы, у касцёле, на адпяванні.
Нягледзячы на век і здароўе.
Ксёндз Юозас гаварыў на польска-беларускай-расейскай трасянцы, і гаварыў каструбавата.
Але кветкі — ягоныя словы. Упрыгожаныя і адкрытыя ім касцёлы — ягоныя дзеянні. Пекната, якая назаўжды застанецца на зямлі — ягоная споведзь.