12.01.2010 / 21:17

Мінск яшчэ плясне вайсковым козырам 48

Лукашэнка да донца выбера рэсурс гульні на вялікадзяржаўных комплексах расійскіх элітаў. Дый само беларускае кіраўніцтва ментальна, ідэалагічна — па вушы ў мінулым. Піша Аляксандр Класкоўскі.

У нафтавым канфлікце, бадай, набліжаецца той момант, калі Беларусь стане пляскаць па стале вайскова-палітычнымі козырамі. Калі праблему не разрулююць нейкім цудам за лічаныя дні, Масква мае ўсе шанцы зноў пачуць з вуснаў тутэйшага высокага начальства, што за шчыт ад НАТО трэба, халера ясная, плаціць.

Апошні раз такі празрысты намёк прэвентыўна прагучаў на пераднавагодняй прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. «І я часта папракаю расійскіх кіраўнікоў: што вы там нашай апазіцыі даяце факты, што паўтара мільярда датацый штогод ды іншае, — сказаў тады ён. — Дык мы ж трацілі грошы на супрацьпаветраную абарону ды ваенна-паветраныя сілы — складнік агульнай абароны. Сёння я не стамляюся гаварыць, што гэта вялікая паслуга Расіі, за якую трэба плаціць».

Прычым тут згодны былі браць натурай — таннымі энерганосьбітамі. Цяпер жа, з пункту гледжання Мінска, партнёр «кінуў». Завабіў у Мытны звяз — і падступна вывеў энерганосьбіты за дужкі.

І калі падаражэнне газу на пару дзясяткаў долараў беларускі бок сяк-так праглынуў, то паўнаважкае мыта на чорнае золата — як мамантава костка ў горле. Поўны абзац тутэйшаму нафтаваму афшору. Тут ужо якраз варта падцягваць цяжкую артылерыю.

Дык вось:

дзівосны парадокс беларуска-расійскіх канфліктаў у тым, што гэта вам ніякая не вайна цывілізацый, яшчэ больш — міжсобку б’юцца, кажучы высокім штылем, браты па зброі.

Нават «ворагі інтэграцыі» не аспрэчваюць: менавіта ў вайсковых пытаннях яна зайшла найдалей. Хоць і тут далёка не ўсё як на пляц-парадзе. Лукашэнка ўвесь час крыўдзіцца, што расійцы, фігуральна кажучы, прымушаюць плаціць за аўтамат, якім беларус мусіць іх жа абараняць. У свой час злупілі грошы нават за напалову разабраныя С-300, якія «валяліся пад плотам». А ўжо навейшыя цацкі — С-400, «Іскандэры» — і зусім не выпрасіш!

Але крыўды крыўдамі, а факт тое, што ў плане вайскова-стратэгічным Мінск і Масква скаваны таўшчэзным ланцугом. Расійскія генералы не ўяўляюць, як жыць без беларускага шчыта. А беларускі правадыр хоць і казырае па-піяраўску магутнасцю свайго войска, але канцэптуальна, вядома ж, болей спадзяецца на расійскі ядзерны парасон.

Для маскоўскіх палітолагаў стала агульным месцам казаць: вось пачакайце, пракладзе Расія трубы ў абход — тады ўжо Лукашэнка надта не павыступае. Так,

«Паўночная плынь» і БТС-2 аслабяць важнасць энергатранзіту цераз Беларусь. Але як вайскова-стратэгічны плацдарм яна для расійскіх элітаў пакуль што незаменная.

І справа не толькі ў лабізме генералаў, якія, вядома ж, заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны. Тут бяры вышэй.

«У Расіі няма новай нацыянальнай ідэі, — разважае мінскі вайсковы аналітык Аляксандр Алесін. — Для згуртавання нацыі выкарыстоўваецца стары арсенал. Па сутнасці, ядром, як і раней, з’яўляецца ідэя супрацьстаяння вераломнаму Захаду».

Згадайма: нядаўнія манеўры братоў па зброі, на якія ў Беларусь прылятаў Мядзведзеў, называліся не як-небудзь, а «Захад-2009». І задума гэтай віртуальнай вайны, як элементарна раскусілі эксперты, палягала ў прарыве на дапамогу Калінінграду, абложанаму, вядома ж, ордамі НАТО.

Дарэчы, адзначае Алесін, у выпадку страты Беларусі як саюзніка Расія ў гістарычнай перспектыве рызыкуе страціць і гэту напалову адрэзаную лусту — калінінградскі анклаў.

Ці выпадкова Мінск націснуў цяпер на балючы мазоль, пагражаючы ў пяць разоў падняць тарыф на транзіт электраэнергіі туды?

У Лукашэнкі ёсць досвед біцця па такіх болевых пунктах. Памятаеце, як леташні байкот саміту АДКБ і падвешванне пытання пра Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання прымусілі Маскву хуценька згарнуць прэтэнзіі доктара Анішчанкі ды ўпусціць беларускія фуры з малаком?

Між іншым, Мінск хоць і падпісаў у выніку дамову пра КСАР, але ў рэале зусім не спяшаецца лезці ў азіяцкае пекла. Летась з гэтай нагоды Лукашэнка спытаў наўпрост: «За шта мусяць гінуць мае хлопцы, калі раптам?». Мыта на нафту для братоў па зброі — не лепшы адказ Масквы на гэта пытанне.

Дарэчы, і

пагадненне пра адзіную рэгіянальную сістэму СПА, насуперак рэляцыям шэрагу расійскіх інфармацыйных рэсурсаў, у беларускі парламент пакуль не трапляла.

Такім чынам, дакумент вісіць у паветры з лютага мінулага года. І, зноў жа, нафтавая вайна наўрад ці стане каталізатарам ратыфікацыі.

А наогул, вайна гэта не апошняя. Канфліктагеннасць — родавая траўма «саюзнай дзяржавы». Зрэшты, ліха без дабра не бывае —

цераз такія вось войны адбываецца паступовае выбудоўванне міждзяржаўных дачыненняў без гэтых постсавецкіх псеўдаінтэграцыйных фінціфлюшак.

Дарэчы, што да «псеўда-»: нядаўна мінскі аналітык Валерыя Касцюгова прэзентавала вялікую працу, у якой «саюзная дзяржава» трактуецца як форма мяккай дэзінтэграцыі.

Паводле Касцюговай, такім чынам адбываецца, з аднаго боку, «адносна бязбольны дэмантаж імперскага комплексу», з іншага — «адбудоўванне іншых формаў рэгіянальнага і міжкраінавага ўзаемадзеяння, што не падпарадкоўваюцца прамянёваму прынцыпу Цэнтр — Перыферыя».

Дадамо: яскравы прыклад «адбудоўвання іншых формаў» — фенаменальны прарыў аўтарытарнага беларускага рэжыму на еўрапейскую арэну, уваходжанне краіны ва «Усходняе партнёрства» Еўразвязу. Што відавочна торгае Маскву.

Валерыя Касцюгова прагназуе: «Наступныя тры-чатыры гады саюзная дзяржава яшчэ будзе функцыянаваць у эканамічнай сферы і пяць-сем гадоў — у вайсковай. Праект жа Канстытуцыйнага акта праваліўся, палітычнай інтэграцыі не будзе».

Ну, а ў прынцыпе, паводле эксперта, саюзная дзяржава — гэта не агульная будучыня, а агульная мінуўшчына.

Іншая рэч, што развітанне з ёю будзе доўгае. Па-першае, Лукашэнка, будзьце ўпэўнены, да донца выбера рэсурс гульні на вялікадзяржаўных комплексах расійскіх эліт, і асабліва ў вайсковай сферы. Па-другое, цяперашняе беларускае кіраўніцтва ментальна, ідэалагічна само па вушы ў мінулым. Па-трэцяе, якая б улада ні вяла рэй у Мінску, рэзкія рухі ў дачыненні да Расіі — вялікая рызыка. Плаўна, плаўна, з абавязковым пагладжваннем расійскага мядзведзя…

Паводле Алесіна,

прынцыпова іншая мадэль дачыненняў магчымая будзе толькі тады, калі Беларусь перастане крытычна залежаць ад расійскага рынку збыту і пастаўкі адтуль энерганосьбітаў. Вось і прыкіньце.

Карацей, у прамежках паміж энергетычнымі, мытнымі, гандлёвымі ды іншымі войнамі браты па зброі змарнуюць яшчэ не адну кілатону пораху на сумесных манеўрах. І Мінск ужо гатовы зноў пляснуць гэтым козырам. Сачыце за рэкламай.

0
Станкевіч / Адказаць
12.01.2010 / 22:34
Ну, добра, плясьне "Менск" тымі казырамі - рэха разьляціцца па навакольлю ды й суціхне. Далей што? Якіх мэтаў плянуе дамагчыся "Менск" з дапамогаю таго плясканьня казырамі? Да бясконца ж так доўжыцца ня можа, дык якія варыянты фіналю? Адзін бачны добра - губэрніі. Другі - пазбаўленьне Беларусі эканомікі, адзіны рубель, і старшыня калгаса на пасадзе з бутафорскімі паўнамоцтвамі. Трэці - ...???
0
Станкевіч / Адказаць
12.01.2010 / 22:59
Як вядома з найноўшай гісторыі, дасюль той "Менск" толькі раскрываў свае казыры, ды й прасіраў іх паціху, не карыстаючыся. Кішка тонкая, каб казыраць. І гэтым таксама тлумачыцца такая нізкая "поза" цяперашняга "Менску", якую прыняў добраахвотна й пад фанфары.
0
Кейстут / Адказаць
12.01.2010 / 23:21
"ды й прасіраў іх паціху, не карыстаючыся. Кішка тонкая, каб казыраць" А што б зрабіў Станкевіч? Толькі рэальна, без фантастыкі.
Паказаць усе каментары/ 48 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру