Ёсць краіны, над якімі нібы навіс праклён. Сярод такіх — Гаіці. Піша Віталь Тарас.

Землятрусы нясуць смерць і разбурэнні ва ўсіх частках свету, у развітых краінах і бедных, пры дэмакратыі ці дыктатуры. Але здаецца, што над Гаіці — адным з самых прыгожых астравоў у Карыбскім басейне і адной з самых жабрацкіх дзяржаваў, навіс праклён.

У выніку землятрусу, што здарыўся побач са сталіцай — Порт‑О‑Прэнсам з яго двухмільённым насельніцтвам — загінулі тысячы людзей, пацярпелі дзясяткі тысяч.

Пачуўшы паведамленне пра катастрофу, я ўспомніў дакументальны фільм «100 нябожчыкаў у маім грузавіку», які давялося бачыць летась на каталіцкім фестывалі хрысціянскага кіно «Магніфікат» у Глыбокім. Фільм ірландскага рэжысёра Джыма Феі, распавядае пра дзвюх ірландскіх манашак, якія спрабуюць ратаваць жыцці гаіцянскіх дзяцей (большая палова іх на Гаіці не дажывае да пяцігадовага ўзросту, а медычная дапамога па‑за межамі сталіцы шмат дзе замяняецца абрадамі вуду) і аднаго амерыканскага святара.

У 2008 годзе ў выніку трапічных залеваў на Гаіці загінулі сотні людзей. У 2004-м катастрафічная паводка забрала жыцці звыш 3 тысячаў чалавек. Моргі на Гаіці пасля паводак былі перапоўнены трупамі — большасць памёрлых не было нават у чым хаваць. У фільме мы бачым, як у адным з моргаў у вялікія труны з кардону кладуць па 10‑15 трупаў дзяцей, і святар адвозіць іх на сваім пікапе, каб пахаваць у брацкай магіле. Іх хаваюць пад музыку Вердзі ў выкананні самадзейнага аркестру…

Гэта ўсяго толькі ілюстрацыя таго пекла, у якім вымушаны жыць мільёны гаіцян (даход на душу насельніцтва — 1300 даляраў у год — адзін з самых нізкіх у свеце).

Ёсць нейкая злая іронія ў тым, што Рэспубліка Гаіці, якая была абвешчана ў 1804 у выніку паўстання афрыканскіх рабоў, дагэтуль не можа выбрацца з жабрацтва.

Пра Гаіці мы ведаем у асноўным з рамана Грэма Грына «Камедыянты», дзе апісваецца жыццё пры дыктатуры Таты Дока (Франсуа Дзювалье). З гэтага рамана мы ведаем пра «тантон‑макутаў» — добраахвотных супрацоўнікаў нацыянальнай бяспекі, якія тэрарызуюць насельніцтва, свайго роду карыбскі варыянт апрычніны Івана Жахлівага. (Пасля выхаду кнігі ў 1966 Тата Док, як і многія іншыя дыктатары да і пасля яго, выступіў у ролі літаратурнага крытыка. Ён заявіў, што кніга Грына «напісана кепска, як твор пісьменніка і журналіста яна не мае ніякай каштоўнасці»).

Сярод персанажаў «Камедыянтаў», дарэчы, ёсць амерыканскія ідэалісты — муж і жонка Сміты, абаронцы правоў чалавека, якія хочуць адкрыць на Гаіці вегетарыянскі цэнтр.

Даўно няма Таты Дока, недзе ў Францыі жыве ў выгнанні яго сын Бэбі Док. Скінуты ў выніку ваеннага перавароту. На востраве цяпер дэмакратыя.

Але жыццё там так і не стала больш шчаслівым.

Той праклён, які навіс над Гаіці, насамрэч мае цалкам матэрыяльнае вымярэнне — гэта 1,8 мільярда даляраў знешняй пазыкі.

Асноўная крыніца паступлення валюты — грашовыя пераводы ад эмігрантаў (25% ВНП), якія жывуць пераважна ў ЗША. У ірландскім фільме згадваецца і такі эпізод: гаіцянскія бандыты выкралі бацьку студэнта, які вучыцца ў Штатах, і запатрабавалі выкуп у сто тысяч даляраў. Калі яму ўдалося цаной неімаверных высілкаў сабраць патрэбную суму і заплаціць выкуп, злачынцы прыслалі яму кардонку з адрэзанай галавой бацькі. Для Гаіці, дзе ўзровень злачыннасці адзін з самых высокіх у свеце, гэта абсалютна звычайны эпізод.

Адна з прычынаў, чаму Захад не хоча дапамагаць уладам Гаіці, палягае, сярод іншага, у татальнай тамтэйшай карупцыі,

бандытызме, няздольнасці ўладаў навесці элементарны парадак. Але гуманітарная дапамога, якая паступае на востраў цяпер, пасля чарговай стыхійнай катстрофы, не можа служыць апраўданнем таго факту, што пра лёс гаіцянскіх дзяцей у свеце, заклапочаным глабальнымі зменамі клімату і ліквіднасцю каштоўных папераў, успамінаюць толькі тады, калі ў тэленавінах паказваюць уражвальную карцінку.

Зразумела, паводзіны прэзідэнта Венесуэлы Чавеса, які ў мэтах палітычнай самарэкламы адным з першых заявіў пра дапамогу Гаіці (як быццам, у яго краіне няма праблем) выглядае ніколькі не больш маральнымі.

Апрача самога фільма «100 нябожчыкаў у маім грузавіку» мне запомніліся паводзіны адной з госцяў фестываля хрысціянскіх фільмаў — праваслаўнай ігуменні. Яна нязменна выходзіла з залы праглядаў кожны раз, як пачынаўся фільм пра каталіцкіх святароў, ці зроблены каталікамі. (У праграме былі і праваслаўныя, і каталіцкія карціны). Не стала выключэннем і стужка пра Гаіці.

У рамане «Камедыянты» ёсць эпізод, дзе афіцэр гаіцянскай паліцыі падымаецца на борт замежнага карабля, каб арыштаваць пасажыра‑амерыканца. Капітан карабля, спрабуючы збіць паліцыянта з панталыку, заяўляе, што той не мае права гэтага зрабіць, бо галандскі карабель не ёсць тэрыторыяй Гаіці. Pas a Haiti?, — разгублена перапытвае паліцыянт.

Мы жывем не на Гаіці, зусім у іншым паўшар’і, у іншай кліматычнай зоне, да таго ж — сейсмічна бяспечнай. І, падаецца мне, паводзім сябе падобна да таго госця, якога не цікавіць чужая вера, чужое жыццё, чужая міласэрнасць. Нас гэта не тычыцца!

І мы проста пераключаем канал.

Віталь Тарас

***

Pas a Haiti? - Не на Гаіці? (франц.;)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0