13.01.2010 / 15:35

Мінтурызму Ізраіля: Адмена ізраільскіх віз для беларусаў — пытанне міжнароднай палітыкі

Міністр турызму Ізраіля Стас Місежнікаў спадзяецца, што пасля Украіны бязвізавы рэжым будзе ўведзены з Беларуссю, але «гэта ўжо пытанне міжнароднай палітыкі, а не ўнутранай бяспекі або яшчэ чагосьці».

Пра гэта ён паведаміў 12 студзеня на пленарным пасяджэнні кнесета, паведамляе ізраільскі партал навінаў

Місежнікаў адзначыў «вялікі поспех» адмены віз з Расіяй у верасні 2008 года: паток турыстаў узрос у некалькі разоў, і «не толькі абагаціў казну, але і палепшыў імідж Ізраіля ў самай вялікай дзяржаве свету». Наступнай краінай СНД, з якой Ізраіль мае намер увесці бязвізавы рэжым, з’яўляецца Украіна. Паводле слоў міністра, гэтую ініцыятыву «падтрымліваюць усе міністэрствы, апрача МУС і некаторых аддзелаў Мінюста».

Як раней паведамлялася, міністр замежных спраў Ізраіля Авігдор Ліберман мяркуе, што ў Беларусі існуюць нядрэнныя перадумовы для ўвядзення бязвізавага рэжыму, у тым ліку «палітычная і адносная эканамічная стабільнасць».

10 ліпеня 2009 года ў Мінску было падпісана міжурадавае беларуска‑ізраільскае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы турызму.

Кошт ізраільскай візы ва ўсіх краінах свету складае 17 даляраў ЗША, а кошт беларускай візы для ізраільцян — больш як 100 даляраў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру