На жаль, бард Сяржук Сокалаў-Воюш апошнім часам ня часты госьць на Радзіме. Ужо пятнаццаць гадоў як ён жыве за мяжой. Але Сяржук спрабуе не забывацца на Беларусь. Гэтым летам ён прыехаў зь сям’ёй на Бацькаўшчыну, на якой ня быў пяць гадоў. «НН» не прамінула магчымасьці пагутарыць з мэтрам аўтарскай песьні.

«Гатовы, што мяне закідаюць памідорамі»

«НН»: Сяржук, якім ветрам на гэты раз Вас занясло на Радзіму?

Сяржук Сокалаў-Воюш: Прыяжджаць дадому заўсёды прыемна і жадана, незалежна ад таго, што тут робіцца. Яна для мяне нават з-за акіяну падаецца блізкай. Я прыляцеў не адзін, а з жонкай і сынамі, якія вельмі хацелі ўбачыць краіну бацькоў. Сьветавіт і Славамір -- амэрыканскія скаўты, таму ім было б цікава ўбачыцца і паразмаўляць зь беларускімі скаўтамі, падзяліцца досьведам. На летнія вакацыі дзецям у амэрыканскіх школах задаюць зрабіць які-кольвек праект, дык старэйшы загарэўся жаданьнем прысьвяціць яго праблеме Чарнобыльскай катастрофы. Сустрэцца тут зь людзьмі, паразмаўляць. 24 жніўня ў мяне квіток назад.

«НН»: Напэўна, прыехалі ў Беларусь не з пустымі рукамі?

СС: Канечне, не. Я прывёз з сабой новую праграму «Песьні лісоўчыкаў», якую буду прэзэнтаваць менскім слухачам. Лісоўчыкі – гэта беларуская кавалерыя, якая наводзіла страх далёка за межамі краіны. Яны маглі пераадольваць вялікія адлегасьці за раз, бо ішлі без усялякага абозу, а харчаваліся тым, што знаходзілі ці адбіралі па дарозе. Камандаваў імі палкоўнік Аляксандар Лісоўскі, уласна ад яго і пайшла назва. Аднаго зь лісоўчыкаў на карціне выявіў нават сам Рэмбрант.

Гэтыя песьні будуць выкананыя мною без музычнага суправаджэньня. Я не чакаю станоўчых рэакцыяў, прыму, калі слухачы абсьвішчуць і закідаюць мяне гнілымі памідоромі, але такім чынам я спрабую выйсьці з крызісу, які напаткаў бардаўскую песьню. Трэба шукаць новыя шляхі і выйсьці, каб ізноў у людзей зьявілася цікавасьць да бардаў.

«НН»: А ці будзе асобная плытка?

СС: Хутчэй за ўсё яна будзе запісаная яшчэ цяпер, калі я знаходжуся ў Беларусі. Буду пісацца ў студыі Андрэя Плясанава. Гэта будзе адзінкавы запіс, што выйдзе, тое выйдзе. Я ніколі дагэтуль не працаваў у студыі. Гэта на плошчы ў мяне няма адсутнасьці комплексаў, а ў студыі… Ня ведаю, што з гэтага можа атрымацца. У кружэлку, дарэчы, увойдуць і старыя песьні, бо якасных запісаў няма па сёньня.

«Дракула як станоўчы герой»

«НН»: Сяржук, а літаратурнай працай цяпер займаецеся? Чаго варта чакаць пасьля «Крывавага памолу»?

СС: «Крывавы памол-2». Я абсалютна сур»ёзна. Працу над кнігай вяду ўжо два гады. Мае героі ў рамане трапляюць у Асманскую імпэрыю, і вось тут аказалася, што я абсалютна нічога ня ведаю пра Турэччыну. Пачаў рыхтаваць слоўнік Асманскай імпэрыі, ладная такая «кніжачка» выйшла, працаваў з год, але мае героі вырашылі не затрымлівацца ў Турэччыне і пераехалі ў Румынію. Цяпер вось шукаю знаўцу румынскае мовы, каб перакласьці баляду пісьменьніка ХІХ стагодзьдзя Будая Дзеляну. Нават хацеў у амбасаду малдаўскую зайсьці ў Менску, але падумаў, што яны не справяцца з такім творам. Дарэчы, Дракула ў другой частцы будзе станоўчым героем, які якраз і будзе змагацца з усёй нечысьцю.

«НН»: «Крывавы памол» крытыкавалі за празьмерна цяжкую мову. Як будзе з другой часткай?

СС: Яшчэ горш. (Сьмяецца). Я выкарастаў там усе вядомыя мне лексычныя адзінкі. Мая пазыцыя такая, калі слова супадае з расейскім і ёсьць іншы беларускі адпаведнік, я абавязкова ўжыву апошні. Няхай чытачы вучаць мову. Я ўжываў лексэмы са слоўнікаў Ластоўскага, Некрашэвіча-Байкова, дыялектных. Хоць з дыялектызмамі трэба быць вельмі асьцярожным. Некалі я чуў, як размаўляюць два крымінальнікі, дык адзін па ходзе размовы прыдумляў новыя словы. Падобна й з аўтарамі дыялектных слоўнікаў.

«Прабачце мне за Плошчу»

«НН»: Сяржук, чаму Вы не былі на Плошчы?

СС: Мне вельмі сорамна праз гэта. Я хачу ва ўсіх, хто быў у намётах папрасіць прабачэньня, што я ня быў з вамі. Гэта цэлы шэраг і сямейных, і матэрыяльных складанасьцяў. Канечне, я б мог вырвацца, але не зрабіў гэтага. Я сачыў за падзеямі Плошчы праз Інтэрнэт. Тэлефанаваў сябрам у Беларусь, цікавіўся апошнімі навінамі. Я, ледзьве перамагаючы сорам, затэлефанаваў сябрам пасьля іх вызваленьня з турмаў. Яны сказалі: «Не перажывай, пасядзіш і ты». Вось толькі калі будзе наступная такая магчымасьць і ці будзе ўвогуле.

«НН»: Дык няўжо Вы ніяк не паўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах?

СС: Нягож -- канечне, паўдзельнічаў. Я зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, напэўна, адзіны ў Нью-Ёрку. Дакладней подпісы хацеў зьбіраць багата хто, але іх не рэгістравалі. Я зрабіў хітрэй, зарэгістраваўшыся праз Наваполацак. Трэ было бачыць твары дыпляматаў у пасольстве, калі я прынёс тыя подпісы. Нічога падобнага яны не чакалі. Пасьля ўдалося зладзіць амаль 100-адсоткавы экзыт-пул на сваім выбарчым участку. Мілінкевіч набраў менш за палову галасоў, але больш за Лукашэнку. Мусіў быць другі тур.

«Камплексую па-беларуску»

«НН»: Сяржук, што зьмянілася ў краіне за гэтыя пяць гадоў, якія ты ня быў у Беларусі?

СС: Краіну татальна спойваюць. Я быў уражаны ад колькасьці ўбачаных на вуліцах падлеткаў з бутэлькамі піва ў руках. Прычым робяць гэта мэтанакіравана. Мы зь дзецьмі паехалі на машыне ў Сітна да Севярынца. На дарозе галасуе маладая кабетка, але п’яная з ног валіцца. Дык яна нам і паведаміла, што пляшка водкі, прывезенай з Расеі, каштуе 2100 рублёў. Што гэта такое, адкажыце? Калі б гэта была канкурэнцыя, то цэны вагаліся б у раёне ста-двухсот рублёў, а тут... Колькі маіх былых наваполацкіх сябрукоў пасьпіваліся, і не пералічыш. Убачыў аднаго такога: «Друг, памагай, дай на бутэльку».

«НН»: А зьменаў да лепшага хіба няма?

СС: Як ні балюча, але няма. Не гаварыць жа пра чысьціню вуліцаў. Мае дзеці ведаюць толькі беларускую і ангельскую, як ім прыходзілася пакутіваць праз тое, што яны гавораць па-беларуску.

«НН»: Вы па-ранейшаму застаецеся грамадзянінам Беларусі?

СС: Так. Я не разумею нашто мне яго мяняць. Я ня ўмею размаўляць інакш, як па-беларуску. Я працягваю камплексаваць на нашай мове.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?