21 жніўня павінны выйсьці на волю актывісты незарэгістраванай ініцыятывы «Партнэрства» Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая. Нагадаем, што 4 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў іх па шэсьць месяцаў арышту за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, што мелася назіраць за правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў.

Як патлумачыла «Наша Ніве» адвакат Вера Страмкоўская, паводле закону тэрмін іх затрыманьня шэсьць месяцаў, і паколькі А. Шалайка і Э. Браніцкая былі затрыманыя 21 лютага, то вызваліць іх мусяць на працягу сутак 21 жніўня. І тут ніякае ролі не адыгрывае тая акалічнасьць, а якой гадзіне яны былі арыштаваныя.

Такім чынам, вызваліць Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую могуць хоць а 00.01 у ноч на панядзелак, 21 жніўня. Хоць у 23.59 21 жніўня.

Ня выключана, што пад увагу будзе ўзята тое, каб выхад на волю бачыла як найменей людзей. Каб не ствараць ажыятажу і нездаровай атмасфэры ў муроў сьледчага ізалятару ГУУС Менгарвыканкаму, што на вуліцы Валадарскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0