У Сьветлагорскім раёне (Гомельская вобласьць) рыхтуюцца археалягічныя раскопкі з мэтаю вызначыць месцазнаходжаньне горада Казімеж, які існаваў у XVII стагодздзі. У раскопках возьмуць удзел валянтэры – сябры грамадзкіх аб’яднаньняў, аматары краязнаўства.Зьвесткі аб невядомым раней горадзе выявіў Сяргей Рассадзін – прафэсар катэдры гісторыі і паліталёгіі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (г. Менск), доктар гістарычных навук. «У Варшаве я знайшоў прывілей, які падпісала ў 1643 г. Цэцылія Рэната - каралева Рэчы Паспалітай. Згодна з прывілеем, надавалася магдэбургскае права гораду Казімеж у Бабруйскім старостве. У дакумэнце ёсьць і герб Казімежа – леў на чырвоным шчыце», – гаворыць С. Рассадзін. Прывілей захоўваецца ў Галоўным архіве старадаўніх актаў Польшчы (Arhiwum główne akt dawnych).

На меркаваньне дасьледчыка, Казімеж быў разбураны ў час вайны ў 1655 г., а на яго месцы цяпер знаходзіцца вёска Каралёўская Слабада (Краснаўскі сельскі Савет, Сьветлагорскі раён). Сёлета тут ўжо двойчы праводзіліся археалягічныя выведкі з удзелам мясцовай грамадзкасьці. У ходзе выведак было вызначана, што горад сапраўды мог разьмяшчацца ў гэтым месцы. Раскопкі, якія пройдуць у Каралёўскай Слабадзе 23 – 27 жніўня пад навуковым кіраўніцтвам С. Рассадзіна, працягнуць пошук рэшткаў Казімежа. Грамадзкім партнёрам у дасьледваньнях зьяўляецца Сьветлагорская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якая фармуе групу валянтэраў.

Паводле belngo.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0