Беларускія арнітолагі заклікаюць у гэтыя выходныя пакарміць птушак і паназіраць за імі.
Фота БЕЛТА
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) 16‑17 студзеня правядзе акцыю «Птушкі на кармушцы». Асноўная мэта акцыі — нагадаць жыхарам краіны пра неабходнасць падкормліваць птушак зімой, а таксама прыцягнуць іх да вырабу кармушак для птушак.
Арнітолагі сумесна з простымі аматарамі прыроды зробяць некалькі сотняў кармушак для птушак і ўсталююць іх на дрэвах і стаўбах. У шматлікіх школах будуць арганізаваныя падкормачныя пляцоўкі, дзе школьнікі змогуць падкормліваць птушак і назіраць за іх паводзінамі.
У гэтыя дні АПБ просіць палічыць наведвальнікаў кармушак і паведаміць пра вынікі сваіх назіранняў. Сярод найбольш актыўных удзельнікаў АПБ разыграе палявыя біноклі, прадстаўленыя «Yukon Advanced Optics» — распрацоўшчыкам і вытворцам дзённых назіральных прыбораў і прыбораў начнога бачання.
Інфармацыю пра колькасць і відавы склад птушак прапаноўваецца высылаць на адрас каардынатара зімовага ўліку птушак — Мядзельскага раённага аддзялення АПБ (222397, Мінская вобласць, г. Мядзел, вул. Ленінская, 2) з пазнакай «Птушкі на кармушцы» або адправіць sms на кароткі нумар 0841 (даступна для абанентаў МТС і velcom).
Вынікі ўліку птушак на кармушках можна таксама паведаміць па тэлефоне 8017‑2630130, даслаць па e‑mail: [email protected] ці размясціць на форуме сайта ptushki.org А таксама на сайце birdwatch.by