posterМне б у неба (Up in the Air)
ЗША, 2009, каляровы, 109 хв.
Рэжысёр: Джэйсан Рэйтмэн
Ролі выконваюць: Джордж Клуні, Вера Фарміга, Ганна Кендрык, Джэйсан Бэйтман, Эмі Мортан
Жанр: Драма паводле раману Ўолтэра Кірна і сцэнару Джэйсана Рэйтмэна і Шэлдана Цёрнера
Узнагароды: «Залаты глобус» за найлепшы сцэнар, намінацыя за найлепшую рэжысуру, фільм, галоўнага актора (Джордж Клуні), актрысу (Вера Фарміга)
Адзнака: 5,5 (з 10)

Раян (Джордж Клуні) — адмысловец, які звальняе людзей. Працы сёння шмат – і Раян носіцца з гораду ў горад, жыве па гатэлях і аэрапортах. Герой марыць налятаць рэкордныя 10 міліёнаў міляў. Але маладая кар’ерыстка з ягонае фірмы пагражае самога героя пакінуць без хлеба. Да таго ж у пералётах самотны Раян пазнаёміўся з прыгажуняй (Вера Фарміга), таксама дасведчанай у аэрапортным жыцці…

Драма Джэйсана Рэйтмана — стрымана рамантычная, не без гумару. Абавязковыя амерыканскія тэмы — «мяне падставілі» і «лёгкі флірт сярэдняга веку». Але звыклая галівудская драма мае метафізічна-гламурны падтэкст.

Герой Джорджа Клуні — анёл грамадскае смерці. Ён раіць не збіраць на зямлі скарбаў, пазбавіцца лішняга багажу. Але і людскія сэрцы для яго нічога не значаць.

Ягонае неба — халодна-гламурны рай брэндаў і статусаў. Палюбоўнікі Джордж Клуні і Вера Фарміга, давячыся ад іранічнае пыхі, дэманструюць адзін перад адным шыльды й цэтлікі. А навязлівай рэкламе гатэля «Хілтан» пазайздросціў бы і Цімур Бекмамбетаў.

Сэксуальнасць, стомленасць, фальшыва-бадзёрая надзея на лепшае, самота і ветлівая пустэча.

У часы закатнага посмадэрну дый эканамічнага крызісу амерыканцаў суцяшае далікатны паднябёсны эгаіст.

Зацяты самотнік Джордж Клуні ідэальна пасуе для гэтае ролі.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?