На прэзэнтацыі прысутнічала блізу 30 чалавек зь ліку эмігрантаў, палітуцекачоў, а таксама грамадзянаў Беларусі, якія па прыватных ці службовых справах знаходзіліся гэтым часам у сталіцы Чэхіі.

Ініцыятарам заснаваньня беларускае клюбоўні ў Празе стаўся вядомы дзеяч замежжа Юрка Станкевіч (сын Яна Станкевіча). У інтэрвію Радыё Рацыя спадар Станкевіч прызнаўся, што ідэя клюбоўні нарадзілася з прычыны разрозьненасьці беларусаў, якія стала жывуць у Празе. Таму адной з галоўных мэтаў новастворанага цэнтру мусіць стаць запачаткаваньне месца, даступнага ўсім беларусам, незалежна ад іхняй арганізацыйнай прыналежнасьці.

- Не было месца дзе зьбірацца, - зацеміў Юрка Станкевіч. - Нэўтральнага месца, каб маглі зьбірацца людзі незалежна ад таго, зь якой яны арганізацыі.

Сярод задачаў клюбоўні беларусы ў Празе бачаць стварэньне ўласнай бібліятэкі, падрыхтоўку інфармацыйных выданьняў, ладжаньне курсаў для дарослых і школкі для дзетак.

Афіцыйнае адкрыцьцё беларускае клюбоўні прайшло ў выглядзе невялічкага фуршэту. Свае вершы прысутным чытаў малады паэт зь Беларусі Глеб Лабадзенка. Цэнтральнай жа часткай імпрэзы сталася прэзэнтацыя мастака Алеся Пушкіна, які гэтымі днямі гасьцяваў па прыватным запрашэньні ў Празе. Мастак распавёў прысутным пра свае ўражаньні аб Чэхіі і паказаў творчыя работы, напісаныя тут.

- Я тут адзін, прыехаў па прыватнаму запрашэньню і тутай правёў ужо 20 дзён, - сказаў для Радыё Рацыя Алесь Пушкін. - Наведаў Кутну гару, замак у Карлштэйне, пішу некаторыя працы, пачаў пісаць 7 работ. Уражаньні аб Чэхіі, аб яе замках – я ужо трэці раз у Чэхіі – вельмі цудоўныя… Я прыяжджаю сюды як турыст. Адзін раз цэлы месяц быў у чэскім Крумлаве, другі раз – у самой Празе... Схадзіў на выставы, канцэрты.

Сярод карцінаў Алеся Пушкіна – абраз мадоны Кутнай гары, які нарадзіўся пад уражаньнем ад наведваньня чэскага мястэчка Кутна гора. Калісьці тут у 14 стагодзьдзі загінула шмат людзей, таму мастак намаляваў цяжарную мадону, якая сваім покрывам ахінае ахвяраў і такім чынам перамагае сьмерць. Яшчэ адзін твор узьнік пасьля наведваньня горада Карлштэйна. Паводле гісторыкаў, тут калісьці ваяваў беларускі князь Жыгімонт Карыбутовіч, таму ўяўленьне мастака нарадзіла карціну з выявай князевай каханкі. Алесь Пушкін таксама прэзэнтаваў шэраг кліпаў паводле сваіх пэрфомансаў розных гадоў, а таксама слайды і фотаздымкі.

Алесь Пушкін засьведчыў, што нягледзячы на гасьціннасьць і прыгажосьць Чэхіі, ён усё роўна з радасьцю вяртаецца на радзіму, у Беларусь, дзе яго чакае сям’я і грамадзкія абавязкі.

- Гэта мой сьвядомы выбар - жыць на радзіме, - дадаў Алесь Пушкін. - Я не ўяўляю сябе тутай – бадай толькі ў якасьці турыста. Вось прыяжджаю сюды, глядзець гэтую прыгожую Прагу, але сьвядома вяртаюся кожны раз у родны Бобр, сьвядома буду тым жыць і маляваць, і хацеў бы, каб і мае працы былі на радзіме. Не імкнуся іх тут прадаваць.

Акрамя таго, мастак заклікаў усіх ставіцца да клюбоўні стваральна, каб беларускі цэнтар у Празе стаўся сапраўдным нацыянальным грамадзка-культурным асяродкам

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0