У часе прэс-канферэнцыі, прысвечанай будучым мясцовым выбарам, Лідзію Ярмошыну спыталіся, ці не хоча яна сама навучыць палітыкаў перамагаць. Яна адказала: «Я не ўмею сябе рэкламаваць, а выбары — гэта заўсёды самарэклама. Да таго ж, я — член каманды кіраўніка краіны».

Гэта ненармальна. Кіраўнік выбарчай камісіі ва ўсіх краінах Еўропы — чалавек незалежны, паважаны. Які ж гэта падліковец, калі ён член каманды аднаго з палітыкаў?

Юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў лічыць такую сітуацыю дурной. «На вялікі жаль, у нас Цэнтрвыбаркам не з’яўляецца цалкам незалежным інстытутам. Больш за тое, ягоная залежнасць ад кіраўніка дзяржавы замацаваная Канстытуцыяй і законам аб Цэнтрвыбаркаме», — каментуе ён прызнанне Лідзіі Ярмошынай. Па яго словах, такі стан рэчаў не адпавядае еўрапейскім стандартам у вобласці выбарчага заканадаўства.

Згодна з Законам аб Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, Цэнтрвыбаркам у сваёй дзейнасці кіруецца Канстытуцыяй, гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства. Адным з асноўных прынцыпаў дзейнасці камісіі з’яўляецца яе незалежнасць, а ўздзеянне, у тым ліку і ўскоснае, на Цэнтрвыбаркам забараняецца і цягне адказнасць паводле закона. Аднак пры гэтым 6 з 12 членаў камісіі прызначаюцца кіраўніком краіны, як і яе старшыня (са згоды савета Рэспублікі). Яшчэ 6 прызначаюцца саветам рэспублікі. Які ў сваю чаргу прызначаецца часткова кіраўніком дзяржавы, а часткова — вернымі яму мясцовымі дэпутатамі. Замкнёнае кола каманды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?