Падобна на тое, што суд над Анджэем Пачобутам і Мечыславам Яськевічам - актывістамі непрызнаванага Саюзу палякаў на Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс, які распачаўся 21 жніўня, крыху зацягнецца. Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч мае заслухаць 21 сьведку.
Анджэй Пачобут і Мечыслаў Яськевіч абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве, а менавіта ў перашкодзе здымкам мясцовай тэлевізіі падчас ушанаваньня 15 жніўня памяці загінуўшых ад савецкай агрэсіі 1939 г. польскіх жаўнераў на могілках па вуліцы Белуша ў Гародні.
Як паведаміла Радыё Рацыя прысутная ў якасьці сьведкі на судзе актывістка СПБ Інэса Тодрык, у якасьці сьведак з боку мясцовага тэлебачаньня былі дапытаны намесьніца дырэктара гарадзенскага радыётэлецэнтру Алена Прымачэнка, журналіст Уладзімер Лобан і апэратар Аляксандар Бяляўка. Сьведкі з боку СПБ пакуль не выклікаліся ў судовую залю. Працэс праходзіць за закрытымі дзьвярыма. З боку польскай дыпляматыі за судом назірае консул Генэральнага кансуляту Рэчы Паспалітай у Гародні Зоф’я Шмыд.