22.08.2006 / 17:04

КХП-БНФ і Партыя БНФ аб’яднаюцца?

У артыкуле «Яднацца трэба са сваімі» Зянон Пазьняк недвухсэнсоўна намякнуў, што ён ня супраць аб’яднаньня двух крылаў БНФ: Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з Партыяй БНФ, бо па-ранейшаму працягвае лічыць «вячоркаўцаў» беларускай нацыянальнай сілай, якая змагаецца за беларускую справу. Што думаюць пра магчымасьць узьяднаньня сябры абедзьвюх партыяў?

Юрась Беленькі, намесьнік З. Пазьняка, кажа, што Зянон заўжды працягваў руку супрацоўніцтва сапраўдным беларскім сілам і ў гэтай прапанове няма нічога дзіўнага. «У 1991 годзе Зянон Станіслававіч прапаноўваў аб’яднацца на нацыянальным падмурку нават сваім апанэнтам -- камуністам, калі яны гатовыя былі пакаяцца ў памылках мінулага», – кажа Ю.Беленькі. Разам з тым ён заўважае, што немагчыма ўступаць у хаўрус з такімі людзьмі, як Вінцук Вячорка ці Юры Хадыка, якія з глебы нацыянальнай палітыкі перайшлі да пазыцыяў лібэралізму і прагматызму.

Падобна лічыць і іншы намесьнік Сяргей Папкоў, які ўпэўнены, што немагчымае аб’яднаньне зь людзьмі, якія стаяць на прарасейскіх пазыцыях. Аднак С.Папкоў адзначае, што ў ПБНФ засталося багата людзей, якія праста заблыталіся і зь імі патрэбна шчыльней працаваць.

Віктар Івашкевіч мяркуе, што аб’яднаньне КХП і ПБНФ пакуль немагчымае, хоць партыі стаяць на досыць блізкіх нацыянальных пазыцыях. «Але няма сэнсу разбураць дэмакратычную кааліцыю, якая ўжо існуе і ствараць нейкую сумнеўную з КХП. Мы ня супраць, каб «пазьнякоўцы» ўвайшлі ў склад нашай кааліцыі. Але гэтага хутчэй за ўсё не адбудзецца, бо мы можам прабачыць Лябедзьку і Фядуту, што яны некалі працавалі з Лукашэнкам, а «кэхэпісты» – не», – думае сп.Івашкевіч.

Прафэсар Ю.Хадыка з энтузіязмам успрыняў такую думку З.Пазьняка. «Я за асабіста за тое, што нашым партыям трэба аб’ядноўвацца, бо мы стаім на падобных палітычных плятформах. Толькі гэты хаўрус будзе магчымы без такіх людзей, як Папкоў і Беленькі, якія невядома што нагаворваюць Пазьняку пра ПБНФ. Калі будуць канкрэтныя прапановы з боку Пазьняка, то мы іх з радасьцю разгледзім».

Бяда толькі ў тым, што беларускія палітыкі больш баяцца сваіх саюзьнікаў, чым праціўнікаў.

Зьміцер Панкавец

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру