Сьвятатраецкі манастыр у Джорданвіле, штат Нью-Ёрк, непадалёку ад мяжы з Канадаю, месца паломніцтва расейскіх праваслаўных вернікаў: тут знаходзіцца рэзыдэнцыя першагерарха РПЗЦ мітрапаліта Лаўра, тут месьціцца сэмінарыя. У гэтым цэнтры расейскага праваслаўя за мяжою ёсьць і дарагія беларусам магілы.

Самая вядомая, напэўна, магіла архіяпіскапа Апанаса (Мартаса) (8.09.1904-3.10.1983), аўтара кнігі «Беларусь у гістарычным дзяржаўным і царкоўным жыцьці» (Буэнас-Айрэс, 1966). Ягонаю постацьцю й спадчынаю ўсё актыўней пачынаюць цікавіцца беларусісты: выдрукаваныя дзьве працы зь ягоных архіваў, «Матэрыялы да Гісторыі Праваслаўнай Беларускай Царквы» (Жыровіцы, 2004) і «На ніве Хрыстовай» (Нью Ёрк-Менск-Варшава, 2005). Пісала пра яго й нашая газэта (А. Юрг «Расейцы не датрымалі дагавору..». «Беларус», № 491 сьнежань 2003 г.). Магіла Апанаса знаходзіцца каля самай царквы.

На сьвецкіх «новых» могілках знайшлі свой апошні прытулак беларускі пісьменьнік Уладзімер Сядура (Глыбінны) (24.12.1910-14.05.1995) і ягоная жонка Ірына (13.07.1923-3.01.1998). Праўда, ні пра якую «беларускасьць» на магілах згадак няма; паломнікі могуць толькі даведацца, што тут ляжыць «профессор литературы».

І мала хто ведае, што ў Джорданвіле ёсьць яшчэ адна беларуская магіла – таксама каля царквы, на самым ушанаваным месцы. Гэта магіла заснавальніка манастыра нашага земляка архімандрыта Панцеляймона (Ніжніка).

Пётра Ніжнік нарадзіўся 16.01.1895 г. у Рэчыцы у вялікай сялянскай сям’і. Калі яму споўнілася 18 гадоў, бацькі вырашылі ажаніць сына. Будучы сьвятар надта не хацеў заводзіць уласную сям’ю і, каб ня быць цяжарам бацькам, адпрасіўся ў Амэрыку: нямала ягоных знаёмых выпраўляліся за акіян, адкуль, знайшоўшы працу, дасылалі грошы дахаты. Бацькі згадзіліся, адно маці прасіла: «Сынку, не згубі Бога».

У 1913 г. 18-гадовы юнак ступіў на амэрыканскую зямлю. Знайшоў сабе працу – на цукровым заводзе ў прыгарадзе Чыкага. 1918 год стаўся пераломным у жыцьці юнака: 18 красавіка ён паступае ў Ціханаўскі манастыр, заснаваны ў 1905 годзе архіепіскапам Паўночна-Амеэрыканскім і Алеуцкім Ціханам. У 1920 годзе Пётра пастрыгаецца ў манахі й яго высьвячаюць у іерадыяканы, а 10 красавіка 1921 году ў сан іераманаха.

Пра час архімандрыт Панцеляймон пазьней згадваў: «За дзесяць гадоў у Ціханоўскім манастыры я пабачыў, як няпроста жыць сапраўдным манаскім жыцьцём маладому манаху. І я пачаў задумляцца пра іншае месца. У гэтым мне дапамог айцец Іосіф, тады Іван Андрэевіч Колас, які быў рэгентам-псаломшчыкам у парафіі. Ён прыехаў да нас у манастыр пажыць – гэтак мы пазнаёміліся. Разам мы надумалі зарабіць троху грошай, каб набыць які кавалак зямлі. З гэтай мэтаю я пайшоў працаваць на завод Сікорскага ў Стратфардзе. І ў 1928 годзе набылі зямлю, на якой сёньня месьціцца наш Сьвята-Троіцкі манастыр. Але мы працягвалі працаваць на заводзе, пакуль цалкам ня выплацілі пазыку. У 1930 годзе вясною пасьля Пасхі я пакінуў працу і прыехаў на сваю зямлю. Першым маім набыткам у гаспадарку быў імбрык».

Вясною 1935 году айцом Панцеляймонам і манахамі, што былі далучыліся да яго, была збудаваная царква ў гонар Троіцы, нарыхтаваны матар’ял на дом з 16 келій, набылі карову й коней. Але на асьвячэньне царквы адбылося няшчасьце: ад сьвечкі загарэлася царква, і ў лічаныя імгненьні на вачох манахаў - згарэла. Трэба было пачынаць усё спачатку.

У сярэдзіне 40-х гадоў манахі цалкам разьлічыліся з пазыкаю за зямлю, нават набылі дадатковую; узьвялі прыбудовы для кароў, займелі найсучасьнейшы лінатып, друкарскі варштат. Айцец Панцеляймон хоць і не займеў адукацыі, аднак лічыў кнігадрукарскую працу вельмі важнаю; што праўда, рабіў гэта своесабліва: з раозных кнігаў выдзіраў упадабаныя кавалкі і злучаў іх у адну новую. Ягоныя выданьні й сёньня захоўваюцца ў манастыры.

Архімандрыт Панцеляймон пражыў доўгае жыцьцё і адышоў у 1984 г.

Беларус (Нью-Ёрк)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0