Каб вярнуцца дахаты з адпачынку, праграмістцы з Мінска Насці Доду-Цілаевай давялося заплаціць сем тысяч даляраў.

Гэтая паездка — экстрыму хоць адбаўляй. З учарашняга дня ездзім на мапедзе па гарах ды скалах, за рулём Леся, якая раней ніколі не кіравала, а я сяджу ззаду без шлема…», — такі допіс Наста Доду‑Цілаева, мінская праграмістка, зрабіла ў сваім інтэрнэт‑дзённіку ў першы тыдзень адпачынку ў Тайландзе.

Далей былі шпіталь, зашытае калена і вусны, мыліцы, велізарны рахунак і вяртанне на радзіму, дзе лячэнне давялося працягнуць у аддзяленні гнойнай хірургіі.

Паездка ў Тайланд для Насці стала суцэльным экстрымам. Звыклая да еўрапейскіх візавых працэдураў, яна ў апошні момант даведалася, што афармленне візы ў Тайланд не патрабуе абавязковай страхоўкі. Часу было мала, і дзяўчына вырашыла рызыкнуць. Гэтая неабачлівасць абернецца для яе горкім жыццёвым урокам.

У Тайланд Насця выбралася з сяброўкай.

Дзяўчаты спакусіліся невялікімі цэнамі на авіяпералёты ў Азіі

— марылі наведаць Лаос, В’етнам, Камбоджу, Малайзію, Інданезію, Індыю… Яны пасяліліся на выспе Пханган, што за 55 км ад мацерыка. Выспа славіцца сваімі пляжамі. Сяброўкі знялі бунгала на беразе мора. Каштуе, як кватэра ў Мінску: $250 за месяц. Толькі ў мінскіх кватэрах вы не сустрэнеце вялізных павукоў і геконаў — яшчарак, якія вольна пачуваюць сябе ў прыбярэжных дамках. Яны мілыя і бясшкодныя.

На Пхангане дзяўчаты пазнаёміліся з дзясяткам беларусаў‑праграмістаў, якія прыехалі сюды працаваць на заходнія кампаніі. Пачалі асвойваць мясцовасць.

Дзеля гэтага сяброўка Леся ўзяла напракат скутэр. «Там усе на скутэрах ездзяць — і стары, і малады», — кажа Насця. Прычым дарогі на Пхангане няпростыя — звілістыя, нібы змеі, прычым як у гарызантальнай, так і ў вертыкальнай плоскасці. Крутыя пад’ёмы чаргуюцца са спускамі. І кожную хвіліну трэба чакаць павароту. Ці аб’езду скалы. Ці выступу гары. «Мы паехалі па адной з самых небяспечных дарог на пляж палюбавацца захадам сонца», — прыгадвае Насця.

Спускаліся з гары і не ўпісаліся ў паварот.

У скалу ўрэзаліся на хуткасці каля 40 км у гадзіну. Ад удару матацыклетны шлем ейнай сяброўкі раскалоўся. Насця стукнулася аб яго тварам, разбіла вусны, выбіла некалькі зубоў. Калена на левай назе дзяўчына рассекла да косткі. Лесі пашчасціла больш: ейныя траўмы хутка загаіліся і яна працягнула сваю вандроўку па Азіі.

Асаблівасці тайландскай медыцыны

Зашыць рану Насці маглі толькі на суседняй выспе. Пакуль яна не заплаціла за транспарціроўку ў шпіталь на маторцы, яе нікуды не везлі. Першая дапамога каштавала каля 400 даляраў. На выспе Самуі беларуску паклалі ў адну з найлепшых клінік. Большасць пацыентаў тут — пацярпелыя ў дарожных аварыях. Найперш недасведчаныя кіроўцы скутэраў, турысты. «Мяне ніхто не пытаў, куды везці лячыць.

Прывезлі, паклалі ў асобную палату з чароўнай кнопкай — націскаеш — і праз імгненне прыходзіць медсястра».

Калена і вусны зашывалі двойчы.

«Мне здавалася, што хірург мяне проста ненавідзіць, такі суровы ў яго быў выгляд», — усміхаецца Насця. А тады ёй было не да смеху. Яна баялася, што яе знявечаць тут, у чужой краіне, і нічога яна не зробіць. «Тайцы, як мне падалося, жорсткія людзі. Пры мне маленькаму хлопчыку зашывалі рану на галаве. Дзіця плача, аж сэрца рвецца, а побач стаіць дзяцюк, паказвае на малога пальцам і рагоча», — прыгадвае Насця.

Сапраўдны ж шок наступіў, калі дзяўчына пабачыла рахунак — сем тысяч даляраў.

Выратавала міжнародная банкаўская картка, на якую муж пераслаў неабходную суму. Інакш з краіны яе не выпусцілі б. З той жа прычыны сяброўка заплаціла гаспадару скутэра кампенсацыю ўдвая большую за тую шкоду. Дасведчаныя еўрапейскія турысты патлумачылі дзяўчатам, што лепей заплаціць, чым мець праблемы з паліцыяй і памежнай службай.

Еўрапейская салідарнасць і беларуская абыякавасць

Пасля шпіталя Насця яшчэ колькі дзён правяла на Пхангане. Гэты час над ёй апекаваліся еўрапейскія турысты, пераважна немцы. Дапамагалі, чым маглі. «Прыставілі да мяне моцнага немца, ён насіў мяне на пляж». Удалечыні ад Еўропы немцы, швейцарцы ды англічане падаваліся амаль сваімі, прыгадвае Насця.

На фоне падкрэсленай абыякавасці тубыльцаў яны дэманстравалі зайздросны прыклад ўзаемадапамогі — вучылі недасведчаных турыстак асаблівасцям мясцовага турбізнэсу, дзяліліся карыснымі парадамі, не дазвалялі апускаць нос. А вось знаёмыя землякі ні разу не пацікавіліся справамі дзяўчат, хоць і ведалі пра іхнюю бяду. Затое тройчы патэлефанавалі расійцы, якія першымі пабачылі беларусак пасля катастрофы і выклікалі медыкаў.

Стаўленне тайцаў да замежнікаў Насці не спадабалася.

«На цябе там глядзяць выключна як на кашалёк. Важныя толькі твае грошы.

Гасціннасці, характэрнай для еўрапейцаў, я там не адчула». Ёй трэба было ездзіць у гарадскі шпіталь на перавязкі. Гаспадыня бунгала, якая штодня ездзіла ў горад па харч, толькі двойчы падвезла яе. Узяўшы пасля плату, як за таксоўку. Таксоўшчыкі, калі бачылі дзяўчыну на мыліцах, заломвалі падвойную цану — а куды яна дзенецца? Даецца ў знакі замежнікам і моўны бар’ер: большасць тутэйшых англійскую мову ведае кепска.

Вяртанне

Дамоў Насця паехала адна — сяброўка працягнула вандроўку з надзеяй адшукаць працу праграміста. Шлях заняў два дні: лодкай да кантынента, аўтобусам да бліжэйшага горада, цягніком да Бангкока, адтуль самалётам да Масквы, са сталіцы Расіі самалётам дамоў. У маскоўскім аэрапорце Насці стала кепска — рана пачала гнаіцца. У Тайландзе падчас перавязак ёй проста мянялі старыя бінты на новыя, прамываючы рану цёплай вадой. У мінскім аэрапорце яе чакала «хуткая». Тайландскі рай абярнуўся ложкам у палаце гнойнай хірургіі.

«Першы раз я паехала за мяжу без страхоўкі. І апошні!» — кажа Насця.

Яна расказвае, як у шпіталі часам сніла, што ўсё яшчэ знаходзіцца ў Тайландзе. Прачыналася і радавался шэрым сценам палаты мінскай бальніцы — я ў Беларусі!

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0