Усе аўтобусы прадпрыемства «Мінсктранс» мусяць быць зялёнага колеру. Такое рашэньне прынялі сталічныя транспартнікі. Новыя аўтобусы МАЗ ужо даўно выпускае менавіта такога колеру, а вось старыя давядзецца абнавіць.
Як паведаміў агенцтву «Минск – Новости» начальнік вытворча-тэхнічнага аддзелу прадпрыемства «Мінсктранс» Аляксандар Шкуратаў, гэта ня значыць, што ўвадначас усе машыны перафарбуюць у зялёны колер. Напачатку афарбоўку памяняюць тыя, якія зь цягам часу прыцьмелі, абшарпаліся і вымагаюць афарбоўкі. Для абнаўленьня рухомага саставу будуць выкарыстоўваць толькі высакаякасныя лякафарбавыя матэрыялы.
Першую партыю «зялёных» – ня менш за паўсотню адзінак – плянуецца выпусьціць з рамонтных майстэрань ужо пры канцы жніўня. Аляксандар Шкуратаў паведаміў, што для гарадзкіх тралейбусаў транспартнікі таксама распрацоўваюць адзіную колеравую гаму – пакуль выбіраюць з трох варыянтаў.
❏
А што людзі кажуць:
Зимой и летом одним цветом или тоска ЗЕЛЕНАЯ – абмеркаваньне на форуме «Беларускі транспарт»