24.01.2010 / 00:24

Змагарам за мараль у інтэрнеце: вучыце матчастку! 18

Наталля Пяткевіч падкінула аргументаў на карысць дзяржаўнага рэгулявання «беларускага сегмента». Піша Аляксандр Класкоўскі.

Высокая кіроўная асоба падкінула аргументаў на карысць дзяржаўнага рэгулявання інтэрнета. Ды такіх, што нібыта і язык не павернецца пярэчыць.

Гэта неабходна дзеля абароны маральнасці, аўтарскіх правоў ды правоў чалавека, заявіла на семінары ідэолагаў Наталля Пяткевіч, першая намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. Так, маўляў, і за мяжой робіцца.

Праваабаронцы, па ідэі, пасланыя ў накдаўн.

Барацьба з «памыйкай», версія 2.0

Гэта яўны апгрэйд матывацыі. Версія 2.0. І добра, што наша чынавенства асвойвае праваабарончую лексіку. Раней мы проста чулі: трэба нарэшце разабрацца з гэтай памыйкай!

Дарэчы, заўважана: памыйкай звычайна называюць інтэрнет людзі ад яго далёкія. Памятаеце, як вясковы герой песні Высоцкага ўпершыню трапіў у Вялікі тэатр: «Был в балете — мужики девок лапают…».

Так і тут: хтосьці падвядзе да манітора, пакажа, якія бываюць сайцікі — і ў неафіта вочы на лоб. Ну, а калі неафіт з паўнамоцтвамі — крычы гвалт! Чакай цыркуляра, знішчальную магутнасць якога найлепей вымяраць мегатонамі. За часамі СССР быў такі жарт наконт прапагандысцкай «міралюбнай палітыкі» камуністычнай імперыі: трэцяй сусветнай не будзе, але будзе такая барацьба за мір, што каменя на камені не застанецца.

Ніводзін прасунуты юзер Сеціва памыйкай не назаве. Для яго гэта — інструмент, магутны, творчы. Кухонны нож таксама інструмент. Так, яго можа скарыстаць і злачынца. Дык што, прадаваць па ліцэнзіі?

Сеціву ж, калі коратка пераказваць нашумелы праект указа, фактычна хочуць накінуць татальнае ліцэнзаванне. Розных рэсурсаў, інтэрнэт-медый і нават персанальнага доступу. У інтэрнэт-кавярню без пашпарта не сунешся. Дык гэта правы чалавека ці паліцэйская дзяржава?

«Облико морале»

Што ж да маралі, за яе сапраўды трэба змагацца. Але якімі метадамі? Нашто паліць хату, каб падсмажыць яечню?

Так, дзяцей варта агароджваць ад распусты. Гэтак жа, як і ад запалак, тых самых вострых нажоў, таблетак. Але з гэтай задачай элементарна спраўляюцца на ўзроўні сям’і. Кладуць на вышэйшую паліцу — і ўся праблема. Ніхто з бацькоў не заклікае спыніць выпуск запалак. Што ж да Сеціва, то распрацоўшчыкі цыркуляраў відавочна ўпэўненыя, што найлепшы сродак ад перхаці — гільятына.

Між тым

блакаваць доступ да сумнеўных рэсурсаў, фільтраваць кантэнт ад бруду таксама элементарна можна на узроўні асобна ўзятага хатняга камп’ютэра. Гэта як фільтр для вады. Кажучы мовай вайсковага прапаршчыка: вучыце матчастку!

Дзеля айца і сына…

Апалчыліся супраць распусты ў Сеціве і некаторыя дзеячы беларускай праваслаўнай царквы. Але зноў жа пытанне: ці ўсе святыя айцы добра ведаюць матчастку? Бо іх прапановы надта ж тапорныя.

Дарэчы, каталіцкая царква выглядае ў гэтым сэнсе куды болей прагрэсіўна. Не прайграць бы канкурэнцыю, панове іерархі! Хаця дзеля справядлівасці дадамо, што патрыярх маскоўскі артыкулюе куды болей ліберальныя погляды на інтэрнет. Няўжо БПЦ хоча выглядаць на гэтым тле апірышчам абскурантызму?

І яшчэ адно прагматычнае меркаванне для іерархаў: такі падыход наўрад ці пашырыць сімпатыі да праваслаўя сярод моладзі. Паству страціце!

Зрэшты, гэта ведамасная праблема. А вось тое, што

сеціўнымі «откровениями» святых айцоў пачнуць размахваць, нібыта булавой, чыноўныя змагары з іншадумствам, — гэта як піць даць. Мы ж, так бы мовіць, дзеля айца і сына…

Адэпты ачышчэння сеціва ад «скверны», праўду сказаць, адхрышчваюцца ад падазрэнняў у прасоўванні палітычнай цэнзуры. Крый божа, толькі дзеля маральнасці! Аднак пры гэтым спічрайтэры чамусьці ўкладаюць у вусны мітрапаліта апеляцыю да кітайскага досведу.

Але каму як не святым айцам ведаць, што добрымі намерамі мосціцца дарога ў пекла. Кітайскі досвед — гэта пекла для свабоды сеціўнай думкі.

Што характэрна — менавіта пад маркай змагання з распустай ды злачыннасцю.

На каго пастка?

Між тым міліцыя ды спецслужбы і так маюць цэлы арсенал законаў ды метадаў, каб вывуджваць у Сеціве тэрарыстаў, порнадзялкоў і падобную брацію. Што і робяць дастаткова паспяхова.

А вось рэгістрацыя вэб-СМІ — ідэфікс нашых дзяржаўных мужоў і дам — дапаможа тут як хваробе кашаль. Бо вэб-СМІ такой брыдотай не займаюцца.

Аматары ж брудных спраў — паўтару каторы раз — не стануць у чаргу па ліцэнзіі перад дзвярыма Мінінфарма. Пастка чакае нармальных журналістаў. Дык без дурняў: каго шчаміць сабраліся, панове?

Скажуць: ну, а хіба ўсе інфармацыйныя вэб-рэсурсы белыя ды пухнатыя? Так, варта пагадзіцца: свабода слова, як і любая свабода, вымагае адказнасці. Напрыклад, абарона аўтарскага права для Сеціва сапраўды асабліва актуальная: крадуць кантэнт, саб-бакі! Але тут трэба проста скарыстоўваць дзейныя законы. Вучыце матчастку!

Далей, у інтэрнеце сапраўды багата хамства і бескультур’я. Але, як правіла, на форумах. Праблема вырашаецца праз мадэрацыю. У гэтым сэнсе многія заходнія рэсурсы дзейнічаюць болей прынцыпова і тэхналагічна. Трэба пераймаць і нашым. Таксама вучыце матчастку.

Бываюць канфлікты з прафесійнай этыкай і у асобных вэб-медый. Але і тут

развітыя дэмакратыі выпрацавалі нармальны, дзейсны механізм. Ён тычыцца усіх СМІ і называецца самарэгуляваннем. Адмысловыя адмудсмены і рады па этыцы разбіраюць грубыя фолы і выносяць вердыкты.

Заўважце: чыноўнік з адміністрацыйнай сякерай адпачывае. А эфект большы, і правы са свабодамі пачуваюцца нармальна.

Сон розуму спараджае пачвараў

І дазвольце наіўны абзац. Калі спадарыня Пяткевіч мае на ўвазе менавіта такі замежны досвед, а не вэб-душылаўку асобных азіяцкіх рэжымаў, то давайце супрацоўнічаць. БАЖ даўно ўзняў голас за этыку ў Сеціве, распачаў кампанію «Чысты Байнет». Падтрымайце!

Давайце супольна адукаваць і вэб-пісьменнікаў усіх масцяў, і наша чынавенства, і нават святых айцоў, калі захочуць.

Каб найперш вучылі матчастку — тонкі механізм Павуціння, метады нейтралізацыі сапраўдных пагроз, а не іншадумства, лепшы сусветны досвед самарэгулявання гэтай цудоўнай вынаходкі чалавечага розуму.

Тое, што многія айчынныя чыноўнікі не маюць доступу да інтэрнета ці маюць з камарову дзюбу, не лезе ні ў якія вароты. Сон розуму спараджае пачвараў.

Увядзіце ў атэстацыю кадраў новыя крытэры: каб кожны быў і прасунутым юзерам. Тады ніводзін не параўнае інтэрнэт са сметніцай. І рукі так свярбець не будуць.

А галоўнае,

стане зразумела: гэта рэч, якую не закілзаеш, нават калі патраціць на віртуальную аброць болей грошай, чым на АЭС. Вучыце матчастку!

Аляксандр Класкоўскі, baj.by

0
More Air / Адказаць
24.01.2010 / 01:10
Самы цудоўны артыкул пана Класкоўскага за апошнія гады. Атрымаўся Амаль як фельетон Ушкіна - паважаю!
0
дурка беларуская / Адказаць
24.01.2010 / 01:28
блякаваньне сайтаў - гэта карысьць для ўсіх! па-першае, чалавек мусіць высьці з-за кампутару і пайсьці паглядзець на сапраўднае жыцьцё. па-другое, "змагары за амаралку" развучыліся даносіць свае думкі не праз сеціва: пазьняк людзей збіраў вакол сябе не праз сайты і ютубы. ну і, канешне, меньшы кантроль з боку дзядковых. адкуль ён атчоцікі браць будзе? Ім яшчэ страшней будзе, бо - невядома што робіцца Пяткевіч! Так трымаць!
0
Mikola Ramanau / Адказаць
24.01.2010 / 01:38
Dobra napisali sp.Klaskouski. Adnak kamu geta mozna zaprapanavat ? Vakol heury sabralis adny 'neuki' ! Jak kazau nekali klasyk -pagliadite na ih 'mordy' ! Ni adnoga pryemnaga abraza....
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру