Крэдыты ў Беларусі сталі больш даступныя - іх кошт у студзені-ліпені 2006 года зменшаны больш як на 5 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Аб гэтым прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку далажыў сёння старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Праводзячы працэнтную палітыку, Нацыянальны банк, з аднаго боку, стымулюе прыцягненне сродкаў насельніцтва і прадпрыемстваў у банкі. З другога боку, праводзіцца работа па пастаяннаму зніжэнню ставак па крэдытах. Пацвярджэннем эфектыўнасці такой палітыкі з’яўляецца павелічэнне ўкладаў насельніцтва (на 25 працэнтаў за 7 месяцаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2005 года). У той жа час расце і колькасць выдаваемых крэдытаў (больш як у 2 разы на спажывецкія патрэбы і ў 1,7 раза - на будаўніцтва жылля).

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны, што плацежная сістэма ў краіне працуе стабільна, без перабояў. Аб’ём плацяжоў за справаздачны перыяд павялічыўся амаль на 40 працэнтаў. Гэта ўскосна сведчыць аб росце эканомікі Беларусі, паведаміў Пётр Пракаповіч.

Старшыня праўлення Нацбанка падкрэсліў, што ў краіне забяспечана стабільнасць як у грашова-крэдытнай, так і ў фінансавай сферы. Ён выказаў перакананасць, што да канца бягучага года будуць выкананы ўсе паказчыкі Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2006 год.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0