Андрэй Пачобут размаўляе па тэлефоне перад пачаткам паседжаньня.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва».

У Кастрычніцкім раённым судзе Горадні закончыўся разгляд адміністрацыйнай справы двух актывістаў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны перашкаджалі працаваць здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, якая рабіла сюжэт пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў на вайсковых могілках. Гэта – артыкул 156 адміністрацыйнага кодэксу, што датычыць дробнага хуліганства. Андрэя Пачобута пакаралі арыштам, а адносна Мечыслава Яскевіча справа спынена.

У судзе мне ўдалося крыху паразмаўляць з Андрэем Пачобутам. Нагадаю, што іх зь Мечыславам Яскевічам затрымалі 18 жніўня і ўвесь час яны знаходзіліся ў міліцэйскім ізалятары. Андрэй Пачобут:

(Пачобут:) «Апошнія суткі нас трымалі на падставе пісьмовага ўказаньня начальніка Кастрычніцкага РАУС Беда. Нас павінны былі звольніць, і рашэньне мусіла прымаць ўжо судзьдзя, бо дакумэнты перадалі зь міліцыі на разгляд у суд. Аднак судзьдзя такога рашэньня не прыняла. Каля трох гадзінаў супрацоўнікі міліцыі вырашалі наконт нас, мяне чатыры разы заводзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня і чатыры разы нас адмаўляліся браць, таму што не было падстаў».

Андрэй Пачобут лічыць, што паводле закону судзьдзя павінна была ўчора іх выпусьціць з позвай, каб яны сёньня прыйшлі на працяг судовага разбору.

Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч апытала некалькіх сьведкаў, у тым ліку Анжаліку Борыс – старшыню Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. Яна, у прыватнасьці, сказала, што ім не было ясна – хто іх здымае, і што іхнія мерапрыемствы часта фільмуюць невядомыя людзі, якія ніколі не прадстаўляюцца. Іншыя сьведкі патлумачылі, што 15 жніўня на гарадзенскіх вайсковых могілках маліліся разам з ксяндзом за жаўнераў Войска Польскага і не хацелі, каб іх здымалі. Яны адмаўлялі, што Пачобут і Яскевіч па-хуліганску перашкаджалі здымачнай групе абласнога тэлебачаньня.

На судовым паседжаньні былі рэдактар тэлебачаньня Уладзімір Лобан і апэратар Андрэй Бялятка. Яны адмовіліся выказаць сваё меркаваньне для нашага Радыё. Адзінае, што спадар Лобан сказаў, што яны не змаглі зрабіць сюжэт пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў, і ён мусіў пісаць з гэтай нагоды тлумачэньне для свайго кіраўніцтва. Нагадаю, што міліцыянты склалі пратакол адносна Пачобута і Яскевіча на падставе заявы намесьніцы кіраўніка абласнога тэлерадыёаб’яднаньня Алены Прымачэнкі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0