Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі зацьвердзіла плян дзейнасьці на год падчас чарговага паседжаньня 22 жніўня. Паводле слоў лідэра апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, плян ня будзе абнародаваны, бо «праца ў апазыцыі ўсё больш сыходзіць у падпольле».

Сярод зацьверджаных кірункаў дзейнасьці Аляксандар Мілінкевіч назваў інфармацыйную кампанію, кампаніі па мабілізацыі, салідарнасьці і дапамозе рэпрэсаваным, а таксама ўдзел неўзабаве ў мясцовых выбарах.

«Выбараў у Беларусі зноўку ня будзе», – заявіў у інтэрвію кампаніі БелаПАН Аляксандар Мілінкевіч і дадаў, што дэмсілы маюць намер скарыстацца магчымасьцю правядзеньня выбарчай кампаніі для легальнай агітацыі і папулярызацыі ў грамадзтве ідэй дэмакратычнага руху. Лідэр апазыцыі ўпэўнены ў плённым выніку паседжаньня палітрады аб’яднаных дэмсілаў. «Мы рухаемся наперад», – падкрэсьліў Аляксандар Мілінкевіч.

У часе паседжаньня палітрады аб’яднаных дэмсілаў 22 жніўня пытаньне пра мэтазгоднасьць правядзеньня другога кангрэсу дэмакратычных сілаў, як паведаміў Аляксандар Мілінкевіч, не абмяркоўвалася. Разгляд гэтага пытаньня перанесены на 30 жніўня, калі пройдзе наступнае паседжаньне палітрады.

Паводле Telegraf.by