22 жніўня ў Браслаўскім касьцёле адбыўся фэст Маці Божай Валадаркі азёраў. Да гэтага сьвята была прымеркавана сустрэча каталіцкай моладзі Віцебскай дыяцэзіі, якая праходзіла 20 – 22 жніўня. Дэвізам сустрэчы былі выбраныя словы «Любіць, Хрысьце, як Ты». Гэта нездарма, бо менавіта Хрыстос, які любіў людзей так, што памёр дзеля іх на крыжы, зьяўляецца для хрысьціяніна ідэалам сапраўднай любові. Зразумець, што такое любоў з хрысьціянскага пункту гледжаньня – вось галоўная мэта гэтай сустрэчы.

На гэтую сустрэчу ў Браслаў прыехалі больш за дзьве сотні маладых вернікаў з усёй Віцебшчыны. Найбольш іх было зь Мёраў (23 чалавекі) і Глыбокага (27 чалавек). Першую ноч з 20 на 21 жніўня ў касьцёле адбываліся малітвы, сьпевы, якія скончыліся а чацьвертай гадзіне раніцы. Сьвятую Імшу ўначы цэлебраваў біскуп Уладзіслаў Блін. Была і такая форма працы як сустрэчы ў групах па 10 – 20 чалавек, дзе моладзь разважала над пытаньнямі адносінаў паміж людзьмі, перашкодаў, якія узьнікаюць у гэтых адносінах.

Вечарам 21 жніўня адбыўся паўтарагадзінны канцэрт гурта «Milość», пасьля была дыскатэка. Было насамрэч цікава і весела.

22 жніўня ўрачыстую Сьвятую Імшу, якая праходзіла на двары, цэлебраваў біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. На Імшу сабраліся, апроч моладзі, некалькі сотняў чалавек з Браслава. Сустрэча пакінула найлепшыя уражаньні ва усіх яе ўдзельнікаў.

Фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?