Сёння ў Брусэлі адбылася сустрэча Бюро Еўранеста, на якой абмяркоўваўся фармат удзелу шасці краін «Усходняга партнёрства» ў Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» (EURONEST PA, EU‑Neighborhood East Parliamentary Assembly).

Еўрадэпутат Яцэк Сарыюш‑Вольскі сказаў, што ў Еўранест запросяць па 10 дэпутатаў з Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны, а з Беларусі — 10 назіральнікаў ад апазіцыйных сілаў і ад грамадзянскай супольнасці.

Спадар Сарыюш‑Вольскі дадаў, што

пакуль у Беларусі не будзе дэмакратычна выбранага і міжнародна прызнанага парламента, у Еўрапарламенце Беларусь будуць прадстаўляць толькі назіральнікі.

Еўрадэпутат таксама паведаміў, што Еўрапарламент мае намер выслаць місію ў Беларусь, хутчэй за ўсё ў лютым, каб вызначыць склад групы назіральнікаў, якая будзе прадстаўляць Беларусь у Еўранесце.

Наконт таго, паводле якіх правілаў сфармуецца згаданая група беларускіх назіральнікаў у Еўранесце, Сарыюш‑Вольскі сказаў наступнае:

«Агульна кажучы, ідэя ў нас такая, каб запрасіць па адным прадстаўніку зь пяці апазіцыйных партый — камуністаў, сацыял‑дэмакратаў, кансерватараў, лібералаў і хрысціянскіх дэмакратаў — ды пяць прадстаўнікоў грамадскіх рухаў, такіх як Рух за Свабоду, незалежныя журналісты, незалежныя прафсаюзы, рэлігійныя меншасці, нацыянальныя меншасці. Гэта папярэдняя канцэпцыя, якая будзе абмяркоўвацца падчас працы місіі Еўрапарламента ў Беларусі».

Першае паседжанне Парламенцкай асамблеі «Ўсходняга партнёрства» прызначана на 24 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?