28.01.2010 / 15:30

Лукашэнка з першых вуснаў даведаўся пра сітуацыю ў Іране

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вялізны патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Ірана не выкарыстоўваецца ў поўнай меры.

Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Эсфандзіярам Рахімам Машаі.

«Патэнцыял супрацоўніцтва нашых краін вялізны, але ён выкарыстоўваецца мізэрна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Перакананы, што ў выніку сённяшніх кантактаў нам удасца канчаткова вырашыць самыя складаныя пытанні, якія датычацца эканомікі, гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва».

Іран з’яўляецца традыцыйным гандлёвым партнёрам Беларусі. За 11 месяцаў 2009 года тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў $65,2 млн.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў падабенства пазіцый Беларусі і Ірана па ўсіх актуальных пытаннях міжнароднай палітыкі. «Асаблівасць вашага цяперашняга візіту ў тым, што ён своечасовы. Я лічу, мы зможам абмеркаваць усе праблемы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да госця. Ён таксама дадаў, што зацікаўлены ў тым, каб

«з першых вуснаў даведацца, якая сітуацыя ў Іране, тыя галоўныя праблемы, якія трэба вырашыць дзяржаве ў бліжэйшы час».

У сваю чаргу кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ірана звярнуў увагу на дружалюбны характар адносін паміж дзвюма краінамі. «Нашы дзяржавы знаходзяцца ў агульных умовах, у іх агульныя мэты для пашырэння двухбаковых адносін і пры гэтым імкненне быць свабоднымі і незалежнымі, — сказаў ён. — Сёння ў свеце Беларусь і Іран ведаюць як краіны, якія змагаюцца за сваю незалежнасць і трымаюць сваю пазіцыю».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру