З нагоды продажу палацава-паркавага комплексу ў Ваўкавыскім раёне расійскаму бізнесоўцу.

Гэты палац купіў не беларускі бізнесовец. Фота radziwill.by

Палацава-паркавая сядзіба ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна, помнік архітэктуры XIX-XX стст., пайшла з малатка. Палац з паркам і гектарамі зямлі за $105 000 набыў бізнесовец з Расіі. Стартавая цана была разоў у сем большая.

Падзея гэтая прымушае задумацца: чаму беларусы не купляюць сваіх палацаў, як гэта пачалі рабіць расійскія бізнесоўцы? Можна зразумець той факт, што неабходнай сумы не знайшлося ў мясцовым бюджэце, але няўжо перавяліся багатыры сярод беларускага бізнесу? І гаворка не толькі і не столькі пра сталічных прадпрымальнікаў, як пра мясцовых — ваўкавыскіх, глыбоцкіх, быхаўскіх. Тых, хто таксама мог бы выкупіць палац, сядзібу, ці парк у сваіх мясцінах, каб надаць ім новае жыццё. Можа гэта праява тыповай беларускай асцярожнасці — не высоўвацца, не хваліцца сваім багаццем? Паспяховасць у нашым краі вельмі часта абарочваецца турэмным тэрмінам з канфіскацыяй нажытай нялёгкай працай маёмасці. Сумны прыклад ваўкавыскага прадпрымальніка Міколы Аўтуховіча гэта пацвярджае. А можа наш рэгіянальны бізнес з пэўных прычынаў (і мы ведаем многія з гэтых прычынаў) ніяк не можа абрасці мясам, каб дазволіць сабе не такія ўжо і фантастычныя набыткі? Пытанні пакуль застаюцца, а гэтым часам расійскія алігархі скупляюць нашы палацы па цане мінскай трохпакаёўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?