Экіпаж затрыманага ў Тайландзе самалёта Іл‑76, у склад якога ўваходзіць грамадзянін Беларусі, можа быць вызвалены.

«Паводле наяўнай інфармацыі, тайскі бок сапраўды разглядае магчымасць вызвалення членаў экіпажа затрыманага ў Тайландзе самалёта Іл‑76», — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

29 студзеня газета Bangkok Post напісала,

што пракуратура Тайланда прыняла рашэнне зняць абвінавачанні з членаў экіпажа Іл‑76.

«Калі крымінальны суд вырашыць не выстаўляць абвінавачанні, а пракурор пагодзіцца з гэтым рашэннем у той жа дзень, то ў гэтым выпадку падазроныя будуць адпушчаны на волю», — цытуе выданне прадстаўніка суда Каясіта Пісаванпракана.

Не выключана, што экіпаж Іл‑76 будзе вызвалены ўжо сёння.

«Пры станоўчым рашэнні гэтага пытання плануецца вылет у Бангкок консула Рэспублікі Беларусь у В’етнаме для аказання консульскай дапамогі грамадзяніну Беларусі», — паведаміла Ваньшына.

***

Яна нагадала, што 19 студзеня МЗС Беларусі накіраваў у МЗС Тайланда ноту з просьбай аб садзейнічанні ў найхутчэйшым вызваленні беларускага грамадзяніна Міхаіла Петухова.

Самалёт Іл‑76 грузінскай рэгістрацыі быў затрыманы тайландскімі ўладамі 11 снежня 2009 года пасля таго, як у ходзе надгляду падчас прамежкавай пасадкі паветранага судна для дазапраўкі былі выяўлены ўпакаваныя ў скрыні з грамадзянскай маркіроўкай гранатамёты, партатыўныя зенітна‑ракетныя комплексы і іншая зброя, загружаная ў самалёт у Паўночнай Карэі. Надгляд самалёта праводзіўся на падставе рэзалюцыі № 1874 Савета бяспекі ААН, якая прадпісвае надглядаць грузы з Паўночнай Карэі на прадмет парушэння санкцый ААН супраць гэтай краіны (Паўночнай Карэі забаронена гандляваць зброяй).

Членам экіпажа — чатыром грамадзянам Казахстана і грамадзяніну Беларусі — былі выстаўлены абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі і паведамленні заведама непраўдзівай інфармацыі аб характары грузу ўладам Тайланда. Паводле тайскіх законаў, лётчыкам пагражала сур’ёзнае пакаранне аж да смяротнай кары. Экіпаж цалкам адмаўляе сваю віну. Лётчыкі сцвярджаюць, што не ведалі пра знаходжанне на борце зброі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?