Старшыня памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі пракаментаваў сітуацыю, што стварылася на беларуска‑расійскай мяжы.

«Сапраўды, сёння на беларуска‑расійскай мяжы ў аднабаковым парадку з боку Расіі прысутнічае транспартны і практычна мытны кантроль. Гэта датычыць увоза на тэрыторыю РФ аўтамабіляў. Дзейнічае паўтара дзесятка мытных пунктаў. Назіраецца і павелічэнне колькасці мытных падраздзяленняў, а таксама развіццё мытнай інфаструктуры», — сказаў І.Рачкоўскі.

«Адсутнасць камфорту і часта вялікія чэргі, наяўнасць дадатковых працэдур на ўнутранай мяжы саюзнай дзяржавы выклікаюць непаразуменне з боку нашых грамадзян», — зазначыў старшыня камітэту.

Пры гэтым Рачкоўскі сказаў, што людзі часта скардзяцца, што мяжу Беларусі з Еўрасаюзам перасякаць больш камфортна, чым з Расіяй, якой нібыта няма.

«Ёсць праблемы, якія носяць тэхнічны характар. Спадзяюся, што пасля таго, як пачне дзейнічаць Мытны саюз, яны знікнуць», — запэўніў І.Рачкоўскі.

На ягоную думку, сама ідэя Мытнага саюза станоўчая, але павінны быць улічаныя патрабаванні ўсіх бакоў. «Калі не будзе роўных умоваў, то для чаго ён тады ствараецца?»

Ігар Рачкоўскі зазначыў, што беларуская мяжа цалкам інфарматызаваная і выведзеная ў агульную сетку дадзеных. У Расіі і Казахстане нічога падобнага няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?