А 18-й на сядзібе Партыі БНФ – адкрыцьцё выставы «За свабоду й незалежнасьць». А 19-й на галоўнай футбольнай арэне краіны –матч Кубку УЭФА паміж менскім «Дынама» і браціслаўскай «Артмэдыяй». Што выбраць?

Заўтра (чацьвер, 24 жніўня) пройдуць два паўторныя матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнду Кубку УЭФА.

А 19.30 на гарадзкім стадыёне Барысава БАТЭ згуляе з казанскім «Рубінам». 10 жніўня ў сталіцы Татарстану гаспадары перамаглі барысаўцаў зь лікам 3:0. Ці здолее лідэр футбольнага чэмпіянату Беларусі хаця б забіць адзін мяч?

Цана білета – 4 000.

У Менску «Дынама» згуляе са славацкай «Артмэдыяй». Стадыён «Дынама». Пачатак а 19-й. Білеты 2 000 – 5 000.

Два тыдні таму браты славяне ў Браціславе перамаглі беларусаў зь лікам 2:1. Таму «Дынама» мае някепскія шанцы на рэванш ды выхад у асноўны раўнд Кубку УЭФА.

А 18-й на сядзібе Партыі БНФ (былая Варвашэні, 8) адбудзецца адкрыцьцё выставы «За свабоду й незалежнасьць: Вясна-2006 у аб’ектыве фотаапарата».

З удзелам Аляксандра Мілінкевіча, Вінцука Вячоркі, музыкаў «Свабоды» ды ўзнагароджваньнем аўтара найлепшага здымку. Уваход бясплатны.

Тэарэтычна ў Менску можна трапіць як на адкрыцьцё выставы, так і на футбол.