29.01.2010 / 19:35

«Мінская спадчына» зноў бярэцца за кляштар бернардзінцаў і касцёл Св. Язэпа 36

Навуковаму кіраўніку аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны перададзена на ўзгадненне праектна-каштарысная дакументацыя.

Нашумелы праект па пераўтварэнні тэрыторыі і будынкаў былога кляштару бернардзінцаў у гатэльны комплекс падае прыкметы жыцця пасля амаль трохгадовага перапынку.

Як паведаміў «НН» старшыня «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч, «Мінская спадчына» перадала праектна-каштарысную дакументацыю на ўзгадненне навуковаму кіраўніку аб’екта Аляксандру Кропатаву.

«Гэта можа азначаць хуткі пачатак рамонтна-рэстаўрацыйных, ці, хутчэй, рамонтна-будаўнічых працаў на тэрыторыі кляштару», — мяркуе А. Астаповіч. Па ягоных словах, калі распрацаваны «Мінскпраект» праект будзе ажыццёўлены, да 70% аўтэнтычнай забудовы комплексу будзе знішчана, найперш унутраная частка, фрэскі.
Старшыня Таварыства аховы помнікаў кажа, што за тры гады зацішша праект амаль не змяніўся. Цяпер Антон Астаповіч рыхтуе зварот да кіраўніцтва краіны з хадайніцтвам аб перадачы кляштару бернардзінцаў каталікам. Ён паведаміў таксама, што мае інфармацыю пра зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Аляксандра Лукашэнкі з такой жа просьбай. «Па маёй інфармацыі, той зварот перададзены з Адміністрацыі на разгляд у Міністэрства культуры», — сказаў А. Астаповіч.

Адказны за СМІ пры Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Аляксандр Амяльчэня пракаментаваў інфармацыю старшыні Таварыства аховы помнікаў наступным чынам:

«Тэма гэтая застаецца актуальнай для нас. Мы не спынілі нашых намаганняў па вяртанні касцёла Св. Язэпа і кляштара бернардзінцаў. Мы не робім гэта ў форме маніфестацый. Гэта робіцца ў форме зваротаў, у тым ліку пісьмовых, у розныя інстанцыі».

Вяртання кляштара з касцёлам Святога Язэпа ў Верхнім горадзе мінскія вернікі дамагаюцца больш за 17 гадоў. У 2005 годзе кіраўніцтва касцёлу ў Беларусі звярнулася да ўладаў з адпаведным патрабаваннем. Аднак 25 мая 2005 году тагачасны старшыня Мінгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў выдзеліў з бюджэту сродкі на рэканструкцыю і рэстаўрацыю помніка XVII—XVIII ст., комплексу будынкаў №6, 8 па вуліцы Кірылы і Мяфодзія з прыстасаваннем пад гатэльны комплекс і аб’екты гандлёва бытавога прызначэння. У сакавіку 2007 года праект пераўтварэння кляштара ў гатэль трапіў у СМІ. Вернікі пачалі кампанію па абароне бажніцаў. Пад сценамі касцёлу Св. Язэпа рэгулярна ладзіліся супольныя малітвы, былі сабраныя тысячы подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам святыняў. У красавіку таго ж года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі адобрыла перадпраектную прапанову па рэканструкцыі і прыстасаванні будынкаў былога кляштару бернардзінцаў пад гатэльны комплекс. Пры гэтым Рада прапанавала завяршыць навукова-даследчыя працы і дапрацаваць праект. А потым ініцыятары праекту ўзялі трохгадовую паўзу.

***

Кляштар бернардзінцаў заснаваны ў 1624 г. Фундавалі Андрэй і Ян Кансоўскія. Пасля пажару да 1652 г. быў збудаваны каменны касцёл і кляштар. Пасля рэканструкцыі 1752 будынкі набылі цяперашнія рысы. У 1864 г. касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Св.Кірыла і Мяфодзія (з 1872 г. пад архіў), а карпусы пад казармы Каломенскага пяхотнага палка і следчую камісію. У 1983 г. касцёл часткова рэстаўраваны (арх. Г. Босак).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Сямён Печанко

0
Адлеглы / Адказаць
29.01.2010 / 20:08
Я ў рэлігію ня веру, але скажу: лепш служыцелям культа, чым 70% разбуральніцкая «рэстаўрацыя» будынка 17 ст.!
0
магадан / Адказаць
29.01.2010 / 20:33
людцы, колькі мы "мінскай спадчыне" дазволім менск паганіць. па-мойму пара сказаць ім стоп.
0
Яўген / Адказаць
29.01.2010 / 21:19
Ну дык шаноўная адмінстрацыя прапаноўвайце ідэі. Давайце зьбіраць подпісы альбо сабірацца і ладзіць акцыі.
Паказаць усе каментары/ 36 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру