70-годдзе пісьменнік адсвяткаваў у мінскім Чырвоным касцёле.

Святкаванне адбылося ў храме нездарма. Пісьменнік, які разам з сынамі валодае гарэлачным заводам БЕЛПІ, мог бы сабе дазволіць і куды большую залу. Але для аўтара «Жалезных жалудоў» і «Мяча князя Вячкі» гэта было сімвалічна. Бо Леанід Дайнека толькі пару гадоў таму пачаў хадзіць у касцёл.

Юбілей — гэта заўсёды падарункі і ўзнагароды. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч паведаміў, што

28 студзеня Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў марыністаў і баталістаў уганаравала сп. Дайнеку прэміяй імя Валянціна Пікуля за серыю гістарычных раманаў.

І ўжо днямі разам з дыпломам ён павінен атрымаць залаты медаль.

«Да маладосці мы наўрад ці вернемся», — двухсэнсоўна сказаў былы рэдактар часопіса «Маладосць» Васіль Зуёнак. Ці ён меў на ўвазе літаратурна-мастацкае выданне, якое сёння знаходзіцца «пад крылом» лукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў, ці маладыя гады, паэт не патлумачыў. Зразумела, што ні першы варыянт, ні тым больш другі не магчымыя. Ды і сам Дайнека адзначыў, што выходзіць з незалежнага СБП не збіраецца.

Павіншаваць юбіляра прыехала дэлегацыя з роднага пісьменніку Клічава. Сярод іх быў і «работнік нябачнага фронту» — начальнік ідэалагічнага аддзела Клічаўскага райвыканкама. Прамова была непрацяглая, але па-беларуску.

«Практыка такая будзе, пакуль будуць газеты», — абураўся са сцэны Уладзімір Дамашэвіч. У «Народнай Волі» скарацілі яго артыкул пра сябра і змянілі загаловак. Пісьменнік скарыстаўся момантам, каб зачытаць выразаныя кавалкі.

Сяргей Законнікаў быў некалі такі самы руды, як і Дайнека. У апошняга, праўда, і да сёння захаваліся на галаве напаміны аб маладосці. А вось у паэта Законнікава — толькі сівая шавялюра. А яшчэ з маладосці побач з Леанідам Марцінавічам засталася яго надзейная сяброўка — жонка Зінаіда.

Вы — Леанід.

Я — Леанід.

Мы балуемся вершамі.

З усіх цудоўных Зінаід

Вы выбралі найлепшую.

Дэкламаваў Леанід Дранько-Майсюк.

Увесь вечар гучалі вершы, песні. Спявалі Алесь Камоцкі, Таццяна Беланогая. А гурт «Стары Ольса» стаў ужо заўсёднікам на сямейных святах Дайнекаў.

Сямідзесяцігоддзе.

Леанід Дайнека пачаў хадзіць у касцёл.

Сыны пісьменніка Сяргей, Зміцер, Сцяпан.

Уладзімір Дамашэвіч наракаў на «Народную волю».

Сяргей Законнікаў быў некалі такі самы руды, як і Дайнека. У апошняга, праўда, і да сёння захаваліся на галаве напаміны аб маладосці.

Таццяна Беланогая.

«Стары Ольса» стаў ужо заўсёднікам на сямейных святах Дайнекаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?