Склад боепрыпасаў пад самымі хатамі

Звесткі пра нядаўнія пажары на ўкраінскіх складах боепрыпасаў, з-за якіх быў амаль на суткі паралізаваны чыгуначны рух, прымусілі задумацца і жыхароў Віцебску. Нехта згадаў, што на гарадской ускраіне таксама ёсць сховішча зброі. І размешчана яно самым небяспечным чынам. Выбуховыя прыстасаванні агульнай вагой у некалькі соцень тон належаць 317-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе. Але ж захоўваюцца яны дастаткова далёка ад месца дыслакацыі вайскоўцаў і небяспечна блізка ад мірных жыхароў – у вёсцы Уланавічы, якая цяпер уваходзіць у межы горада.

Мясцовыя жыхары маюць малапрыемнае суседства: адлегласць ад сховішча баявых снарадаў да бліжэйшае хаты складае не больш як 50 метраў. Між тым дзяржаўнымі дакументамі прадугледжаны зусім іншыя нормы: 18 студзеня 2000 года Савет міністраў прыняў пастанову, згодна з якой нават знешняя агароджа вакол вайсковых складоў мусіць знаходзіцца не менш як за тры кіламетры ад любых «цывільных» жылых пабудоў.

Больш таго: пастанова Саўміну забараняе будаўніцтва дамоў і правядзенне сельскагаспадарчых работ у гэтай трохкіламетровай зоне вакол вайсковых складоў. Але ў Віцебску, падобна, на тое патрабаванне не зважаюць: побач са сховішчам боепрыпасаў знаходзіцца прыватны сектар і некалькі пасёлкаў, забудаваных лецішчамі.

Затое на «законнай» адлегласці дом віцебскага мэра

Жыхары Віцебска, якія не хочуць жыць на «бочцы з порахам», напісалі зварот да старшыні гарвыканкаму Пятра Драздова, каб ён неяк паспрыяў вырашэнню сітуацыі. Нехта з аўтараў ліста падлічыў, што адлегласць ад складоў да рэзідэнцыі мэра якраз і складае належныя паводле закону тры кіламетры. А вось да цэнтру горада з больш як 320-тысячным насельніцтвам адлегласць меншая, так што ў выпадку пажару або выбуху чалавечых ахвяраў пазбегнуць наўрад ці ўдасца.

Вядома, што ва Ўланавічах захоўваюцца 60 умоўных вагонаў са зброяй. З якой менавіта – дакладна невядома, вайсковая таямніца... Наступствы верагодных трагічных выпадковасцей, паводле распараджэння мэра Віцебска Пятра Драздова, цяпер спрабуюць спрагназаваць у мясцовай управе Міністэрства надзвычайных сітуацый. Ад высноваў супрацоўнікаў МНС і будзе залежаць далейшы лёс небяспечнага суседства мірных жыхароў Віцебску і вайсковых складоў.

Алёна Штраль, Прыдзьвіньне № 5, жнівень