З сённяшняга дня тарыфы на транзіт расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі і транспартаванне нафты на беларускія НПЗ павялічаны на 11%.

Пералік тарыфаў праведзены ў адпаведнасці з зацверджанай Беларуссю і Расіяй методыкай па змяненні тарыфаў на паслугі па транспартаванні нафты. Гэта методыка ўвайшла ў пакет дакументаў аб умовах пастаўкі ў Беларусь расійскай нафты, падпісаны 27 студзеня ў Маскве.

Раней тарыфы на пампаванне нафты па тэрыторыі Беларусі вызначаліся ў еўра, цяпер яны ўстаноўлены ў расійскіх рублях.

Памеры тарыфаў афіцыйныя крыніцы пакуль не аб’яўляюць.

28 студзеня першы віцэ‑прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка адзначыў, што «беларускі бок мае магчымасць значна павялічыць тарыф на пампаванне нафты ўжо ў кастрычніку гэтага года». Бакі зацвердзілі методыку разліку кошту транзіту, якая дазваляе разлічыць расходы і прад’явіць іх расійскаму боку, сказаў ён. Першы віцэ‑прэм’ер дадаў, што ў выпадку калі Расія не пагодзіцца з разлікамі беларускага боку, прадугледжана штогадовае павышэнне стаўкі на транзіт расійскай нафты на памер інфляцыі ў Расіі плюс 3%. «Нават гэта з’яўляецца вельмі значнай сумай», — падкрэсліў Сямашка.

Нагадаем, па выніках перамоў у Маскве Беларусь і Расія гарантавалі бесперабойную пастаўку нафты ў Еўропу. «Расійскі і беларускі бакі пацвярджаюць сваю прыхільнасць да прынцыпаў міжнароднай энергабяспекі і гарантуюць стабільныя ўмовы транзіту нафты праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў сумеснай заяве Уладзіміра Сямашкі і віцэ‑прэм’ера РФ Ігара Сечына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?