02.02.2010 / 02:10

Як атрымаць картку «БелКарт» па-беларуску даслаў чытач 14

Гісторыя пра адмову Беларусбанка выдаць картку «БелКарт» з імем па-беларуску атрымала хуткі і прыемны працяг.

Нядаўняя гісторыя пра тое, як Беларусбанк адмовіў у просьбе вырабіць картку «БелКарт» з імем і прозвішчам уладальніка па-беларуску, атрымала хуткі працяг.

Роўна праз тры дні пасля таго, як быў пакінуты запіс у кнізе заўвагаў і прапаноў, мне патэлефнавалі на працу і ветлівы жаночы голас запрасіў у аддзяленне на Мяснікова, 40 за новай карткай, асабліва было падкрэслена, што імя і прозвішча на ёй «на белорусском языке».

Картка «БелКарт» выраблена на такой самай пластыкавай аснове, як і Maestro (да якой яна даецца давескам). Прозвішча ўладальніка выціснута кірыліцай.

Па словах супрацоўніцы Беларусбанка, калі вы хочаце атрымаць «БелКарт» па-беларуску, то рэцэпт наступны:

1) Прозвішча і імя павінны быць запоўнены ў заяве на беларускай мове (кірыліцай) — гэтага будзе (зноў жа, па словах супрацоўніцы) дастаткова, каб і на картцы вашае імя было па-беларуску.

2) Заява павінна паступіць у аддзяленне Беларусбанка (у маім выпадку — Мяснікова, 40) да 5-га дня месяца, які пазначаны на картцы (тэрміна дзеяння карткі), бо калі на карт-рахунак штомесяц налічваецца заработная плата, то банк аўтаматычна, без вашай заявы, пачынае працэс вырабу новай карткі, і па змоўчанні яна будзе на рускай мове, таму гэты момант істотны.

P. S. Здавалася б, што праблема вырашана, але як раз сёння мне даслалі адказ з «Банкаўскага працэсінгавага цэнтру» на мой запыт праз форму зваротнай сувязі пра магчымасць выпускаць карткі «БелКарт» з прозвішчам па-беларуску (падаю на мове арыгінала):

Добры дзень, Мікалай!

Сапраўды, правіламі сістэмы «БелКарт» прадугледжана магчымасць друку на картцы імя і прозвішча на беларускай мове. Але, на жаль, тэхнічная магчымасць друку на картцы літары «ў», якая выкарыстоўваецца толькі ў беларускай мове, зараз адсутнічае. Замежнае абсталяванне для друку на картках патрабуе адпаведнай пераробкі, што каштуе пэўных грошай. Наша прадпрыемства не працуе з фізічнымі асобамі, нашымі заказчыкамі з’яўляюцца банкі. Ва ўсялякім выпадку Вам трэба звяртацца ў банк.

З павагай, Глушкоў Аляксандр Васільевіч,

кіраўнік Упраўлення агульнасістэмнага развіцця ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр»

Mission [im]possible?

МЗ

0
Kus / Адказаць
02.02.2010 / 10:21
У мяне тая ж гісторыя. Больш за месяц дурылі мазгі і ўчора сказалі, што зробяць. У маім імені і прозвішчы няма Ў, але мне пра яго таксама сказалі. Думаю, што І выкарыстоўваюць лацінкавае. Раю вам звярнуцца пісьмова наконт усёй гэтай сітуацыі ў ТБМ (я гэтаксама зраблю) і тады можна шум узняць і, убачыце, праблема хутка вырашыцца і ў тым ліку з мовай па змаўчанні
0
Валодзя / Адказаць
02.02.2010 / 11:27
Здаецца, без памылак напісаў, Глушкоў гэты :-)
0
мінак / Адказаць
02.02.2010 / 12:20
А там толькі імя-прозьвішча па-беларуску? "Срок действія" не перакладаецца? Беларусь...
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру