Вось-вось настане 1 верасьня. Тысячы дзяцей па ўсёй краіне сядуць за школьныя лавы. Інтарэсы беларускамоўных сем’яў адстойвае Таварыства беларускай школы. Дарэчы, 21 жніўня ТБШ адсьвяткавала сваё 85-годзьдзе. У дзень юбілею мы пагутарылі зь ягоным старшынём Алесем Лозкам.

«Казаць пра лічбы беларускамоўнага навучаньня ў гэтым годзе пакуль ранавата, бо клясы яшчэ не сфармаваныя і ніхто не назаве вам дакладную лічбу. Трэба заўважыць, што ў 1993–1994 г. у беларускамоўныя першыя клясы ішлі 76% школьнікаў ад агульнай колькасьці, на Меншчыне гэты паказьнік складаў увогуле 92,6%, пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 1995 году гэтая лічба склала – 38%, летась – 21%. Лічбы гавораць самі за сябе», – кажа Алесь Лозка.

На сёньня ў Менску засталіся толькі чатыры цалкам беларускамоўныя школкі, хоць, да прыкладу, у 2001-м такіх было адзінаццаць. Гэта – сярэдняя школа № 60 у Маскоўскім раёне, гімназіі №9 у Першамайскім раёне і №4 у Фрунзэнскім, а таксама гімназія-каледж Міністэрства культуры ў Цэнтральным раёне. Ёсьць яшчэ закрыты ўладамі Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які працягнуў набор вучняў і гэтым летам. Як бачым, цэлыя сталічныя раёны засталіся безь беларускіх школаў. Таму, напрыклад, бацькам з Кастрычніцкага раёну, якія хочуць, каб іхняе дзіця вучылася на роднай мове, давядзецца вазіць яго ў іншы раён Менску.

Такім чынам, у Менску летась па-беларуску вучылася ўсяго толькі 2,4% школьнікаў, але гэта найлепшы паказьнік між буйных гарадоў Беларусі, у абласных цэнтрах становішча яшчэ горшае.

Таксама ёсьць шэраг установаў адукацыі, дзе беларуская мова пераважае над расейскай. Гэта – гімназіі №14, 23, 24 і сярэднія школы № 2, 68, 72, 89, 131 і 190. Усяго па Менску ёсьць 43 школы зь дзьвюма мовамі навучаньня.

«Большасьць беларускамоўных школаў працуюць у гуманітарным профілі, гэта паглыбленае вывучэньне моваў, гісторыі, грамадзказнаўчых дысцыплінаў», – гаворыць сп.Лозка. Міністэрства адукацыі працягвае знаходзіцца ў каляніяльных стэрэатыпах, упэўненае, што па-беларуску нельга якасна вывучаць фізыку, матэматыку ці хімію.

Увогуле па краіне ў мінулым навучальным годзе па-беларуску займалася 23,3% школьнікаў. Між іншым, ЮНЭСКО лічыць, што мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, калі на ёй вучацца менш за 30% насельніцтва. На Гомельшчыне ж па-беларуску займалася ўсяго толькі 17% вучняў.

«Міністэрства адукацыі любіць казыраць тым фактам, што амаль 62% школаў па краіне беларускамоўныя, – кажа Алесь Лозка. – Але ня трэба забывацца, што ў асноўным гэта малакамплектныя школы ў вёсках, якія паступова зьнікаюць. Кожны год улады закрываюць прыблізна сто школаў, і ў асноўным гэта ўсё беларускамоўныя ўстановы».

Алесь Лозка не губляе надзеі, ён бачыць пазытыўныя зрухі ў тым, што сёлета цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове здавала прыкладна столькі ж абітурыентаў, колькі і па расейскай, нягледзячы на татальны пераўзыход расейскай мовы над беларускай у навучальным працэсе.

Дый саму лічбу 2,4% беларускамоўных школьнікаў у сталіцы на 12-м годзе лукашэнкаўскага кіраваньня можна расцэньваць як заваёву. Старэйшыя памятаюць, што пры канцы СССР у Менску не было ніводнае беларускамоўнае клясы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?