04.02.2010 / 14:00

Падрыхтаваны законапраект пра «каменданцкую гадзіну» для непаўналетніх 1

Падрыхтаваны законапраект «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Беларусі па пытаннях устанаўлення забароны на знаходжанне непаўналетніх у грамадскіх месцах».

Як паведамляе афіцыйны інтэрнет‑сайт Міністэрства юстыцыі, праект закона прадугледжвае забарону на знаходжанне дзяцей увечары і ўначы ў грамадскіх месцах «без суправаджэння бацькоў ці асоб, якія іх замяняюць, а таксама асоб, на якіх ускладзены абавязкі па навучанні і выхаванні непаўналетніх». У прыватнасці, дзецям, якім менш за 14 гадоў,

забараняецца знаходзіцца без суправаджэння дарослых у грамадскіх месцах з 22.00 да 06.00, непаўналетнім ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў — з 23.00 да 06.00.

Прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне гэтай забароны.

Для ўнясення змяненняў у заканадаўства прадугледжана ўнясенне адпаведных дапаўненняў у законы «Аб правах дзіцяці», «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх», а таксама ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У Міністэрстве юстыцыі адзначаюць, што 30 снежня ў Мінюст для правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы было прадстаўлена рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў ад 16 снежня 2009 года №258 «Аб ўдасканаленні працы ў сферы забеспячэння законнасці і правапарадку, прафілактыкі правапарушэнняў і п’янства, абароны інтарэсаў дзяцей, інвалідаў і састарэлых». Яно прадугледжвала ўстанаўленне забароны на рэалізацыю алкагольных напояў на аб’ектах гандлю Мінска з 23.00 да 9.00 і на знаходжанне непаўналетніх да 16 гадоў на вуліцах Мінска, у дварах і пад’ездах жылых дамоў, у іншых грамадскіх месцах з 23.00 да 06.00 без суправаджэння бацькоў ці асоб, якія іх замяняюць.

Мінюст вынес адмоўнае заключэнне па гэтым рашэнні. Як сказана ў каментарыі міністэрства, хоць Мінюст падтрымлівае ідэю Мінгарсавета «па ўдасканаленні працы ў сферы правапарадку, прафілактыкі правапарушэнняў і п’янства, абароны інтарэсаў насельніцтва, аднак адпаведныя пытанні не могуць быць урэгуляваны рашэннем Мінгарсавета дэпутатаў і патрабуюць замацавання ў актах больш высокага ўзроўню».

0
Салдат Швейх / Адказаць
04.02.2010 / 15:12
Добрыя бацькі самі б гэную праблему вырашылі, а з дурных што возьмеш...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру