У гэтыя выхадныя ў Беларусi ўсталюецца спакойнае халоднае надвор’е, часам у асобных раёнах пройдзе невялiкi снег,

паведамiў начальнiк службы гiдраметэапрагнозаў Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Дзмiтрый Рабаў.

Уначы 6 i 7 лютага 6—13, па ўсходзе да 17—22; удзень у суботу 4—11, у нядзелю 5—12, па ўсходзе да 15.

У панядзелак i аўторак ападкаў не будзе i маразы ўзмоцняцца. Уначы 10—17, пры праясненнях да 23, удзень — 7—15. У сераду невялiкi снег. Уначы 8—15, пры праясненнях да 18, удзень 5—12.

Больш моцныя маразы чакаюцца ў другой дэкадзе месяца.

У асобныя ночы маразы будуць дасягаць 20—25, удзень — 7—14.

Дзмiтрый Рабаў адзначыў, што бурнай вясны сёлета спецыялiсты не чакаюць. Мяркуецца, што маразы «адпусцяць» нашу краiну толькi ў трэцяй дэкадзе лютага. Тады ў сонечныя днi тэмпература паветра ўсё часцей будзе пераскокваць праз нуль. Пачнуць з’яўляцца першыя слабенькiя веснавыя ручайкi.

Сёлета ў сакавiку сярэднемесячная тэмпература чакаецца вышэй за норму на 0,5 градуса. Аднак i ў сакавiку час ад часу можа iсцi снег, а ўначы добра падмарожваць. Сiноптыкi разлiчваюць, што вясна будзе зацяжной, iнакш вялiкая вада на рэках можа нарабiць бяды.

Ужо цяпер вiдавочна, што гiдралагiчная сiтуацыя ў басейнах рэк будзе спрыяць больш моцнай веснавой паводцы, чым летась. Воднасць рэк iстотна павышана. Таўшчыня лёду на рэках складае ад 18 да 46 см, а на вадасховiшчах — 42—47 см, што ў сярэднiм на 5—12 см вышэй за норму.

Менавiта тоўсты лёд можа выклiкаць, пры хуткiм пацяпленнi, моцныя заторы i сур’ёзную паводку.

Сёння на большай частцы тэрыторыi краiны снегазапасы адпавядаюць норме, аднак на рэках заходнiх i паўднёва‑заходнiх рэгiёнаў краiны велiчыня iх на 50—70 працэнтаў больш за звычайную норму для гэтага часу.

Ужо цяпер спецыялiсты прагназуюць, што ў басейне рэк Прыпяцi, Шчары i Дняпра ўвесну будуць вялiкiя падтапленнi не толькi поймы рэк, але i iстотных плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў, а ў населеных пунктах — i жылых дамоў.

Калi ж вясна будзе бурнай, то «паплыць» могуць цэлыя вёскi побач з рэкамi. Каб своечасова адрэагаваць на магчымую моцную паводку, ужо ў лютым спецыялiсты гiдралагiчнай службы штотыднёва перадаюць усю iнфармацыю аб становiшчы на рэках экспертам МНС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?